Разлікі на ўраджай-2017

31 июля 2017

Больш як 7 млн тон збожжа плануюць сабраць сёлета беларускія аграрыі. Традыцыйна на стыку ліпеня і жніўня тэма ўборачнай гучыць як ніколі актуальна. Бо ад таго, наколькі правільна і своечасова прыступаюць да працы хлебаробы, як вырашаюцца бягучыя пытанні забяспечанасці гаспадарак тэхнікай, палівам, экіпажаў гарачым харчаваннем, залежыць у канчатковым выніку, ці будзе краіна з караваем. Сёлетняя ўборачная праходзіць нестандартна - карэктывы ўнесла няўстойлівае надвор'е, зрушыўшы графік уборкі амаль на 2 тыдні. Таму кантроль за правядзеннем палявых прац, вынік якіх уплывае на стан эканамічнай і харчовай бяспекі дзяржавы, вядзецца на вышэйшым узроўні. Ужо паслязаўтра, у сераду, пройдзе рэспубліканская селектарная нарада па пытаннях уборкі ўраджаю, падчас якой Прэзідэнт на прамой сувязі з губернатарамі і кіраўнікамі раёнаў абмяркуюць ход уборачнай і становішча спраў у кожным раёне краіны. Разлікі на ўраджай-2017 вывучыла Вікторыя Патоня.

У Анатоля Паліводы сёлета свайго роду аградэбют. За рулём камбайна першы год. Раней механізатар толькі культываваў і сеяў, а зараз убірае хлеб. У 22 яму даручылі сур'ёзную тэхніку. У тандэме з Аляксандрам Мельнікам моладзевы экіпаж паказвае добры вынік. Хоць і пачаткоўцы, у тройцы лідараў прадпрыемства.

Як убраць ураджай добра, без страт, ведае Павел Панько. У поле яго цягнула яшчэ са школы. У свае 35 на ўборачнай ён 18 сезон. Кароткая паўза для інтэрв'ю і зноў за справу! 30-градусная спякота не палохае. У кабіне камфортна. Перад вачамі не толькі каласы, але і дысплей з інфармацыяй: колькі ў бункеры збожжа, якой вільготнасці, хуткасць камбайна.

У Брэсцкай вобласці сёння ўбрана амаль чвэрць плошчаў са збожжавымі. Аграрыі гавораць - ураджай выдатны. У поле вышлі сямейныя экіпажы, дапамагаюць студэнты, людзі розных прафесій. Анатоль Вабішчэвіч - настаўнік фізкультуры - 14 сезон на ўборцы. Таму і ў якасці збожжа разбіраецца не горш за спецыялістаў. Зараз кантралюе вільготнасць збожжавых.

Дапамагаюць убіраць хлеб і ратавальнікі. Больш як 160 адзінак тэхнікі і амаль 400 супрацоўнікаў МНС гэтымі днямі дзяжураць на палях, каб аператыўна ліквідаваць пазаштатныя сітуацыі.

Тое, што ўборачная ў краіне праходзіць арганізавана, адзначыў сёння дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Станіславаў Зась. Ён наведаў некалькі гаспадарак Мінскай вобласці. Асаблівую ўвагу праваахоўнікі нададуць дысцыпліне і захаванасці ўраджаю.

З-за пераменлівага надвор'я графік уборачнай сёлета некалькі зрушыўся. Паўднёвыя рэгіёны ўжо масава прыбіраюць збожжавыя, паўночныя толькі прыступаюць. Але на ўраджайнасці гэта не адаб'ецца, як адзначаюць спецыялісты.

Як хутка абмалаціць наліўныя каласы і як захаваць сабраны ўраджай - усе нюансы ўборачнай гэтага года абмяркуюць на самым высокім узроўні. У сераду падчас селектарнай нарады на прамую сувязь з Кіраўніком дзяржавы выйдуць губернатары ўсіх абласцей. Хлебная тэма стане галоўнай падчас анлайн-размовы. Сёння агульны намалот па краіне складае амаль 650 тысяч тон.

Сёлета ў Брэсцкай вобласці небывалы ўраджай рапсу. Убраныя практычна ўсе плошчы з гэтай алейнай культурай. Зрэшты, аграрыі краіны плануюць сабраць больш як 7 млн тон збожжа.