У Зімбабвэ зацікавіліся нашай тэхнікай і адукацыйнымі праграмамі

13 июня 2019

Новыя прапановы працягваюць паступаць пасля найбуйнейшай міжнароднай выставы "Белагра". Напрыклад, у Зімбабвэ зацікавіліся нашай тэхнікай і адукацыйнымі праграмамі. А ўжо ў канцы чэрвеня беларуская дэлегацыя адправіцца ў Манголію, дзе абмяркуе канкрэтны план будаўніцтва малочна-таварных ферм.

Пазнавальнасць айчыннай прадукцыі за мяжой - у тым ліку  вялікая заслуга і журналістаў. Пра гэта сёння заявіў кіраўнік Мінсельгасхарча Анатоль Хацько  на цырымоніі ўзнагароджання ганаровымі граматамі і падзякамі прадстаўнікоў СМІ.

Анатоль Хацько, Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі: "Гэта прамая рэклама нашага тавара, якую робяць журналісты. Вы каштуеце, дэгустуеце, вы потым выказваеце сваё меркаванне. Мы вельмі рады за тое, што так з вамі супрацоўнічаем. Асвятленне, паказ, аповед аб усім АПК  - гэта таксама вельмі важна, таму што праз вас людзі даведваюцца аб інавацыях, аб ноу-хау".

Сяргей Гусачэнка,  намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі: "Сельская гаспадарка - гэта асаблівая для краіны сфера, улічваючы тую ўвагу, якую гэтай галіне надае і Кіраўнік дзяржавы. І тыя, на жаль, нестабільныя і непастаянныя адносіны, якія ў нас узнікаюць з найбліжэйшым суседам. І ўвогуле ўдвая прыемна, што і ў Белтэлерадыёкампаніі,  і ў Агенцтва тэленавін у прыватнасці з міністэрствам наладжана такое шчыльнае і эфектыўнае ўзаемадзеянне. І вось такая зваротная сувязь, мне здаецца, для журналістаў вельмі важная, асабліва ў гэтыя ва ўсіх сэнсах гарачыя для аграрыяў дні. Калі нашы карэспандэнты разам з працаўнікамі сяла таксама ў палях і паказваюць, у якіх няпростых умовах ідзе, напэўна, не будзе гучным словам сказана, барацьба за гэты ўраджай".

 Адзначым, узнагароды з рук міністра сёння атрымалі  11 нашых калег з Агенцтва тэленавін.