У Жытоміры адкрыўся II Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны

3 октября 2019

Галоўнай падзеяй сёння стала адкрыццё Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны. У Жытоміры ўжо падпісалі кантракты больш як на паўмільярда долараў. У першую чаргу гэта нафтахімічныя і прамысловыя пагадненні. Дынаміка, у параўнанні з папярэднім форумам, істотная. Рост ужо ў пяць разоў. А ў распрацоўцы пагадненні ў сельскай гаспадарцы. Запланавана і падпісанне дамоў у машынабудаванні. Удзел у форуме прымуць лідары дзвюх краін. Заўтра рабочы візіт ва Украіну здзейсніць наш Прэзідэнт. Запланавана выступленне Кіраўніка дзяржавы на пленарным пасяджэнні форуму, якое будзе прысвечана патэнцыялу ўзаемадзеяння дзвюх краін праз прызму развіцця міжрэгіянальных сувязяў. Аляксандр Лукашэнка таксама правядзе перамовы з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Лідары падрабязна абмяркуюць актуальны стан і перспектывы развіцця беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва ў розных сферах, абмяняюцца меркаваннямі па пытаннях рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня. За падзеямі ў Жытоміры сочаць карэспандэнты Агенцтва тэленавін.

Слова нашаму палітычнаму аглядальніку Аляксею Волкаву. У горад прыйшло свята. Прыкладна так жыхары Жытоміра ацэньваюць адкрыццё II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Першы дзень - гэта пленарныя пасяджэнні, кансультацыі, выставы і кірмашы.

Але ўсе ў чаканні галоўнай палітычнай падзеі апошняга часу - першай афіцыйнай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага. Як складуцца адносіны двух лідараў, абмяркоўвае ўвесь украінскі медыярынак. Нагадаем, што лідары ўжо размаўлялі па тэлефоне. Сярод важных тэм эксперты адзначаюць, вядома, мір у Данбасе, чым яшчэ можа Мінск дапамагчы Кіеву. Важнае яшчэ і пытанне нафтапрадуктаў. Наша краіна можа прыкметна павялічыць пастаўкі ў суседнюю дзяржаву - цікавасць ёсць узаемная.

Яшчэ ўначы, калі выстава тэхнікі набыла канчатковы выгляд, сюды прыходзілі фатаграфавацца мясцовыя жыхары. Днём цікавасць не згасла, наадварот, людзі прыходзяць сем'ямі і з вельмі добрым стаўленнем да беларусаў. Праграма форуму разлічаная на два дні - нездарма. Актыўныя перамовы ўкраінскіх і беларускіх кампаній, пасяджэнні сумесных камісій, прычым пытанні - ад экалогіі да сацыяльных праграм. Асобная ўвага - двухбаковаму кансультатыўнаму савету дзелавога супрацоўніцтва.

Беларускі сок і ўкраінскі сік. На кірмашы проста каля мясцовай мэрыі - шэсць дзясяткаў вытворцаў з Беларусі і Украіны. Спаталяюць апетыт госці і жыхары Жытоміра і духоўнай ежай: вялізная колькасць мастакоў і рамеснікаў заняла ўсю вуліцу Міхайлаўскую - турыстычнае сэрца горада.

У прамысловай сферы Беларусь прадстаўляе толькі авангард: МАЗ, "Гродна Азот", БМЗ і, вядома, БелАЗ. Дваццацітоннікі гіганта сапраўды заваявалі прыз сімпатый гледачоў - за самае папулярнае месца для фота. Але прадпрыемства мае мэты больш маштабныя. А гэта - добры прыклад кааперацыі прадпрыемстваў дзвюх краін: беларускія шасі, украінскае начынне… і гатовы новы МАЗ.

Асноўны дзень Форуму рэгіёнаў - заўтра. Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў, вядома, абмяркоўваецца і дзелавымі коламі, і палітыкамі. Бо ад яе шмат у чым залежыць далейшы курс адносін Мінска і Кіева.