У паўднёвых рэгіёнах Беларусі завяршаецца масавая сяўба льну

22 апреля 2019

На поўначы  для яго толькі-толькі падышлі агратэхнічныя тэрміны. Традыцыйна самыя вялікія плошчы гэтай значнай для Беларусі культуры - у Віцебскай вобласці. Лён тут апрацоўваюць на 15 000 гектараў. Стаўка на айчынныя гатункі, але па даручэнні Кіраўніка дзяржавы, якое мінулай восенню  было дадзена на нарадзе па развіцці льнаводчай галіны, будзе праведзены эксперымент. Яго ўжо назвалі "бітвай гатункаў": на адным полі пры аднолькавым доглядзе ў кожнай вобласці высадзяць айчынны і імпартны гатункі льну, а ўвосень спецыялісты  параўнаюць вынік і зробяць высновы. Пра лабараторыі пад адкрытым небам - Вольга Маслоўская.

Для кандыдата сельскагаспадарчых навук Алены Андронік цяперашняя пасяўная - 18-я. Праца ручная, але высокіх дасягненняў! Беларускім аграрыям навукоўцы Інстытута льну далі не адзін гатунак знакавай культуры. 

Гэта не проста поле, а лабараторыя пад адкрытым небам. На такіх дзялянках навукоўцы выводзяць новыя гатункі. Тут пасеяныя гібрыды льну алейнага. Назвы яны не маюць - толькі парадкавы нумар. 

"Ілім", "грант", "лада", "веста". Новыя гатункі хоць і высокапрадуктыўныя, але неахайнага стаўлення не церпяць. Менавіта таму на поўначы краіны аграрыі чакалі, калі адступяць начныя замаразкі і тэмпература глебы дасягне значэнняў, прыдатных для капрызнага льну. Для аграномаў навукоўцы нават шпаргалку падрыхтавалі. У зручным фармаце - усе тэхналагічныя хітрасці апрацоўкі культуры.

Плошча льняных палёў у краіне звыш 51 000 гектараў. Больш за іншых вырошчвае Віцебская вобласць: на паўночныя рэгіёны прыпадае амаль траціна ўсіх пасеваў. Сёлета асобныя палі стануць месцам эксперыменту. Яго ўжо назвалі "бітвай гатункаў". Па распараджэнні Кіраўніка дзяржавы ў кожнай вобласці на адным участку будуць высаджаныя айчынны і імпартны гатункі льну. Доследнае поле пад назіраннем аграномаў рыхтуе і Арэхаўскі льнозавод. 

Вынік, які спецыялісты ўбачаць увосень, дазволіць спыніць бесперапынныя спрэчкі: чые гатункі лепшыя? Наогул на ўгоддзях у тры тысячы гектараў ільнаводы Арэхаўскага завода апрацоўваюць даўгунец пяці гатункаў. Палі раскіданыя на тэрыторыі двух раёнаў. Самае далёкае - за пяцьдзясят кіламетраў ад прадпрыемства. Гэтаму ёсць тлумачэнне.

За дзень пасяўныя агрэгаты праходзяць 250 гектараў. Праблему недахопу механізатараў вырашылі за кошт працаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў Аршанскага і Талачынскага раёнаў. Завяршыць сяўбу льну на поўначы краіны плануюць да 1 мая.