Міжнародная выстава "Белагра" адкрылася ў Мінску
Па традыцыі на галоўнай аграпрамысловай выставе Беларусі - лепшыя напрацоўкі сельскагаспадарчага сектара за апошні час. Сёння, у дзень адкрыцця маштабнага мерапрыемства, гасцям гатовы распавесці, як можна прымяніць беспілотныя лятальныя апараты ў інтарэсах сельскай гаспадаркі, якія новыя камбайны прывёз "Гомсельмаш". У чым карысць біягазавых тэхналогій аграсектара?
Сёлета ў выставе "Белагра" прымае ўдзел больш чым 300 кампаній з 14 краін свету. Як гаворыцца, і пандэмія не перашкода наладжванню дзелавых кантактаў. Тым больш, што попыт на якасную сельскагаспадарчую прадукцыю ў свеце ўвесь час расце.
Трэнд на экапрадукцыю
Трэнд на прадукцыю з пазнакай "эка" падтрымліваюць і ў Беларусі. На стэндзе Міністэрства сельскай гаспадаркі - нашы магчымасці ў арганіцы - яны ўражваюць. Ад ягад, збожжа, круп да сыроў. Усё натуральна і на любы густ. Сёння ў свеце сертыфікавана толькі 72 млн гектараў земляў пад вырошчванне экалагічна чыстай прадукцыі. І наша краіна ўжо заняла сваю нішу ў гэтым кірунку.Інавацыі ў аграсектары
Гэта дроны-памочнікі - інавацыі ў аграпрамысловым сектары. Сёння з іх дапамогай можна не толькі ствараць карту мясцовасці, ацэньваць аб'ёмы і якасць выкананых палявых работ, але і ўносіць вадкія ўгнаенні або апырскваць культуры для барацьбы са шкоднікамі. Дарэчы, на выставе "Белагра" стэнд карыстаецца асобай папулярнасцю.
У "Белагра-2020" прымаюць удзел больш чым 300 кампаній
Варта адзначыць, што сёння пад адным дахам форуму сабраліся не толькі беларускія вытворцы. Асобнымі экспазіцыямі прадстаўлены прадпрыемствы расійскіх абласцей, у тым ліку Бранскай, Растоўскай, Валгаградскай, Саратаўскай і Варонежскай. Ёсць краіны і далёкага замежжа. Напрыклад, венгры прывезлі ў Мінск не толькі высокаякаснае насенне, корм для жывёл, але гатовы і інвесціраваць.
"Белагра-2020": акцэнт на інавацыях
А гэта - навінкі флагмана беларускай прамысловасці. Кампанія "Гомсельмаш" прадставіла на выставе "Белагра" два інавацыйныя камбайны. Абодва праходзяць абкатку. Адна мадэль прызначаная для ўборкі малых фермерскіх палёў. Вытворца гаворыць, праектуючы, арыентаваліся на горную мясцовасць азіяцкага рынку. Другая мадэль - больш магутная. Яе задача - паменшыць страты пры ўборцы вялікіх палёў. Пакуль вынікі выпрабаванняў машын пераўзыходзяць нават самыя смелыя чаканні.













