Ва ўсходніх раёнах краіны змагаюцца з праблемай палегласці на палях

1 Жніўня 2019

Актыўна ідзе праца не толькі на палях палітычных. Насычаныя будні і ў нашых аграрыяў. У лідарах - Брэсцкая вобласць. Там сёння намалацілі мільён тон збожжа. Уборку ўжо завяршылі паўсотні гаспадарак рэгіёна. А ва ўсходніх раёнах змагаюцца з праблемай палегласці. Нашы карэспандэнты даведаліся, як захоўваюць ураджай у няпростых умовах. 

Здалёку можа здацца, што поле ўбрана, але гэта такая з'ява, як палегласць. І такая карціна - на палове палёў гаспадаркі "Лабчанскае". Бура паклала сцеблы, і зараз убраць збожжа без страт - задача цяжкая.

Гэтае поле выглядае так, быццам па ім праехаў каток. Сцеблы практычна цалкам ляжаць на зямлі. Уборку ўскладняюць і дажджы. Учора ў Лунінецкім раёне выпала палова месячнай нормы ападкаў.

Каб поле хутчэй прасыхала ад дажджу, тут актыўна змагаюцца з пустазеллем. Бо зеляніна назапашвае вільгаць. А збожжа ўбіраюць з дапамогай сцеблапад'ёмнікаў - гэта спецыяльныя насаджванні на камбайнах. І абавязкова па кірунку супраць ляжалых каласоў. 

Механізатар Мікалай Некрашэвіч за рулём камбайна ўжо больш як 20 гадоў. Гаворыць, працаваць на палях з палегласцю трэба цярпліва і не спяшаючыся.

Паводле слоў спецыялістаў, праблема палегласці для гаспадаркі не новая. Асабліва гэта датычыцца тарфяных палёў. На мінеральных землях сцеблы трохі ўстойлівейшыя. Аграномы ўжо спрабавалі змяняць схемы сяўбы плошчаў: замест зерневых сеялі кукурузу. Вынік - той жа. 

А ў гаспадарцы "Семежава", як і па ўсёй Мінскай вобласці, тэмп уборкі зерневых стрымлівалі дажджы. Вільготнасць 14-16% - аптымальная, а значыць, максімум машын адначасова ў полі. Нягледзячы на надвор'е, намалот прагназуюць больш за леташні. 

Аддачы чакаюць і ад агароднінных культур. Перапрацоўшчыкі ўжо гатовыя забраць ураджай.

Наталля Ведзень, першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Капыльскага райвыканкама: "Сёлета не вельмі спрыяльныя ўмовы для ўборкі, шмат палеглай збажыны. Але ў той жа час гэта станоўча адбіваецца на ўраджайнасці цукровага бураку, кукурузы, бульбы. Таму плануем атрымаць большы ўраджай па гэтых культурах".

Лідар па тэмпах уборкі ў краіне пакуль Брэсцкая вобласць. Сёння ў рэгіёне пераадолелі мільённую мяжу 

Віталь Рудзь, начальнік аддзела камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама: "Ніжэйшыя тэмпы ўборкі ў палескай зоне: гэта Лунінецкі, Ляхавіцкі раёны. Што датычыцца Ганцавіцкага раёна, прынята рашэнне для аказання ім дапамогі. Збожжаўборачныя камбайны з Брэсцкага, Жабінкаўскага раёна паехалі туды". 

Усяго ў Брэсцкай вобласці абмалацілі ўжо 80% палёў зерневых. Скончыць уборку разлічваюць на працягу дзесяці дзён.