У Віцебскай вобласці робяць стаўку на выкарыстанне мясцовых відаў паліва

15 ноября 2017

Зніжэнне выдаткаў і павышэнне эфектыўнасці - такія задачы стаяць перад прадпрыемствамі сістэмы ЖКГ. У Віцебскай вобласці робяць стаўку на выкарыстанне мясцовых відаў паліва. Торф, шчэпкі, дровы, а некалькі гадоў таму сталі выкарыстоўваць і так званыя драўняныя пелеты. Эканамічны эфект ацаніла Марына Раманоўская.

Гэтае прасторнае памяшканне Мікалай Спірыдонаў называе сэрцам кацельні. Параметры спецыяліст задае на камп'ютары. На маніторы бачна, як функцыянуе ўся сістэма. Нядаўна тут завяршылася маштабная мадэрнізацыя: абноўленая кацельня працуе выключна на шчэпках. Эканамічны эфект, распавядаюць на прадпрыемстве, ужо паспелі адчуць.

У самым паўночным рэгіёне краіны толькі ў сістэме ЖКГ больш за 500 кацельняў. Большасць з іх працуе на мясцовых відах паліва: торф, шчэпкі, дровы. Пару гадоў таму сталі выкарыстоўваць пелеты - невялікія гранулы з пілавіння.

Пелеты валодаюць высокай цеплааддачай. Але гэта не адзіная перавага. Спрэсаванае пілавінне - экалагічна чысты прадукт. Пры спальванні гранулы не выдзяляюць шкодных рэчываў у навакольнае асяроддзе.

У Талачынскім лясгасе цэх па вытворчасці пелетаў адкрыўся сем гадоў таму. На прадпрыемстве перакананы, што нават з адходаў можна атрымліваць добры прыбытак. У год тут выпускаюць тры тысячы тон экалагічна чыстага паліва.

Значная частка пелетаў ідзе на экспарт. Гэты від паліва даўно папулярны ў Еўропе. У Віцебскай вобласці кацельні на пелетах з'явіліся ўсяго некалькі гадоў таму. Напрыклад, гэта ацяпляе ўсяго адзін аб'ект - лазню ў абласным цэнтры. Спецыялісты гавораць: драўняныя гранулы для невялікіх кацельняў - аптымальны варыянт.

Аб перавагах выкарыстання мясцовых відаў паліва гаварыў і Прэзідэнт падчас рэспубліканскага семінара па ўдасканаленні і развіцці ЖКГ. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што максімальны эканамічны эфект можна атрымаць толькі ад якаснай сыравіны.

Гарадскі пасёлак Коханава Талачынскага раёна. 5-тысячны населены пункт ацяпляецца газам. Але ўжо хутка і тут пяройдуць на альтэрнатыўны торф.

Зараз спецыялісты завяршаюць мантаж абсталявання. Плануецца, што кацельня пачне працаваць ужо да снежаньскіх маразоў.