У Венесуэле спецыялісты Беларуснафты адкрылі новую прадукцыйную свідравіну

26 августа 2014

Адразу дзве прыемныя навіны прыйшлі з Лацінскай Амерыкі. У сталіцы Эквадора Кіта аб'яднанне Беларуснафта стала пераможцам штогадовай прэміі вядомага часопіса за лепшы праект. Гэтай прэміі беларускія нафтавікі ўдастоіліся за работы ва ўсходнім нафтаносным басейне Эквадора. А ў іншай лацінаамерыканскай краіне - Венесуэле - спецыялісты Беларуснафты адкрылі новую прадукцыйную свідравіну.



Усе падрабязнасці ў Вольгі Халадовіч.


Больш як 2 тысячы барэляў або 280 тон за суткі. І гэта толькі пачатак. Новая свідравіна ў Венесуэле, якую прасвідравалі беларускія нафтавікі, дала фантанны прыток нафты. Прычым гэта так званае чыстае чорнае золата, якое практычна не патрабуе апрацоўкі.


Андрэй Козыр, намеснік генеральнага дырэктара па геалогіі ВА Беларуснафта: Намі быў адкрыты паклад нафты, мы прадоўжылі яго вывучэнне, рассвідраванне гэтага пакладу. У 2014 годзе прасвідравалі яшчэ адну свідравіну дадаткова, працягваецца вывучэнне, і фактычна мы плануем да 2016 года скончыць рассвідраванне гэтага пакладу і ўвесці яго ў прамысловую распрацоўку.


Усяго за два тыдні прамысловай эксплуатацыі свідравіны здабыча нафты на ёй дасягнула больш як 4 тысяч тон. Для нашых спецыялістаў новы поспех як дэжавю. Тры гады таму на возеры Маракайба яны выдалі адразу тры сенсацыі: першы гучны поспех беларускіх нафтаздабытчыкаў у Венесуэле, рэкордны - 450-тонавы - аб'ём за суткі і перспектыўны выхад на новы паклад. І калі першыя дзве былі бясспрэчныя, то апошні факт яшчэ трэба было пацвердзіць. І вось у 2014-м сенсацыю ўдалося паўтарыць і замацаваць.


Лацінаамерыканскі рэгіён спецыялісты ўсяго свету лічаць адным з самых перспектыўных - тут шмат неразведаных пакладаў нафты. А ў беларускіх нафтавікоў ёсць веды і тэхналогіі, каб гэтыя запасы вывучыць і здабыць.


Калі ў Венесуэле беларускую школу свідравання трэба было адаптаваць ледзь не пад марскія ўмовы, то ў Эквадоры нашым нафтавікам прыйшлося працаваць у джунглях. На тэрыторыі найбуйнейшага нацыянальнага парку краіны - Ясуні. Як вынік - беларускі сейсмічны праект стаў лепшым паводле версіі выдання Oil&Gas Year - самага аўтарытэтнага і папулярнага нафтавага часопіса.


Андрэй Бохан, начальнік упраўлення развіцця міжнароднага бізнесу ВА Беларуснафта: Высокія патрабаванні як да якасці саміх работ, так і да экалагічных пытанняў, тэхнікі бяспекі, якія мы, безумоўна, добра выконваем. І гэта дазваляе нам далей развівацца на тэрыторыі гэтай краіны, ажыццяўляць экспарт паслуг, атрымліваць прыбытак для прадпрыемства і дзяржавы.


Першы праект на тэрыторыі Эквадора стане для Беларуснафты толькі стартам для далейшага супрацоўніцтва. Ужо заключаны кантракт па сейсмаразведцы ў перыяд з 2015 па 2017 гады. А затым беларускія нафтавікі гатовыя ўдзельнічаць у праектах па геолагаразведцы і здабычы нафты ў Эквадоры.