У цэнтральным рэгіёне працягваецца ўборачная кампанія

2 августа 2016

Аграрыі паспелі ўбраць прыкладна палову ўсіх палёў і пакуль упэўнена дэманструюць лепшыя паказчыкі ў краіне як па колькасці намалочанага збожжа, так і па сярэдняй ураджайнасці. Лідар у вобласці па намалоце - Слуцкі раён, на яго рахунку больш за сто тысяч тон зерня, а па ўраджайнасці - Нясвіжскі з паказчыкам 54 цэнтнеры з гектара. Крыху перашкаджае надвор'е: дажджы не дазваляюць працаваць без перапынкаў, аднак аграрыі спадзяюцца завяршыць уборку ў тэрмін. Хто сёння ўносіць свой уклад у агульны каравай - у рэпартажы Антаніны Станкевіч.

Віталь Куніцкі яшчэ ўчора прымаў шчырыя віншаванні ад кіраўніцтва гаспадаркі, раёна і, зразумела, калег і родных. Ёсць нагода - першы тысячнік не толькі на сваім прадпрыемстве, але і ва ўсім раёне. Аднак гэта не той выпадак, калі можна адпачываць. Сваю маленькую перамогу адсвяткуе хіба што зімой, а зараз - самы час прымацца за наступную тысячу.

Не толькі дзеля прыгожых паказчыкаў працуюць сёння сотні механізатараў у палях. Самы час убіраць ураджай: азімую пшаніцу, авёс, трыцекале. Працуюць ад цямна да цямна - завяршыць уборку трэба прыкладна ў 15-20 чыслах месяца.

Галоўны аграном Павел Жураўскі тлумачыць: тое калоссе, што зараз ляжыць на зямлі, гэта таксама хлеб. Губляць яго - недазваляльная раскоша для кожнай гаспадаркі. Бо і яго можна якасна ўбраць, толькі часу давядзецца патраціць крыху больш.

Нягледзячы на зменлівае надвор'е, сёння ў гэтай гаспадарцы ўбіраюць па 80 цэнтнераў з гектара. Частку збожжа здаюць па дзяржзаказе, астатняе дазволіць гаспадарцы цалкам забяспечыць сябе кормам: прадпрыемства спецыялізуецца яшчэ і на развядзенні птушак. І пры гэтым трэба зніжаць выдаткі.

Завяршыць уборку тут плануюць у найбліжэйшыя два тыдні. Аднак на гэтым сельскагаспадарчы цыкл не скончыцца. Наперадзе ўборка кукурузы, агародніны, а адначасова і пасяўная.