У Тбілісі адкрылася выстава Made in Belarus

20 марта 2019

Свой экспартны патэнцыял у гэтыя дні беларускія кампаніі прадстаўляюць   у Грузіі. Сёння ў Тбілісі адкрылася выстава Made in Belarus. Штогадовае правядзенне такіх форумаў - ужо традыцыя. Грузінскі вектар для нашага экспарту перспектыўны. Геаграфічная блізкасць і шэраг мытных прэферэнцый дазваляюць айчынным вытворцам з лёгкасцю наладжваць прадуктыўныя кантакты. Старт новаму этапу двухбаковых адносін даў першы візіт беларускага лідара ў Грузію. У выніку ўзровень узаемнага гандлю значна вырас. Планка на гэты год - 200 мільёнаў долараў.

Якія кантракты будуць падпісаны гэтым разам? З Тбілісі рэпартаж Вікторыі Антоненкавай.

Беларуска-грузінскі тавараабарот за адзін дзень дадаў 4 мільёны долараў. У Тбілісі прайшоў дзелавы савет і адкрылася выстава беларускай прадукцыі Made in Belarus. Бізнесмены дзвюх краін падпісалі сёння амаль 2 дзясяткі кантрактаў і пагадненняў на пастаўку нашых тавараў, тэхнікі, прадуктаў харчавання, дамовіліся і аб стварэнні сумесных вытворчасцяў.

Беларускія выставы ў Грузіі ўжо сталі добрай традыцыяй. Чацвёрты год нашы прадпрыемствы прывозяць у Тбілісі найноўшыя распрацоўкі. Сёння на выставе Made in Belarus - больш як 70 вытворцаў ад машынабудавання і нафтаперапрацоўкі да фармацэўтыкі і прадуктаў харчавання.

Самую вялікую экспазыцыю прывезла ў Грузію кампанія "Гомсельмаш". Збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны, корманарыхтоўчая тэхніка, касілкі - усе машыны для грузінскага рынку новыя. І хоць супрацоўніцтва пачалося толькі летась, ужо ёсць сусветны рэкорд. Беларускі бок дамовіўся паставіць у Грузію 30 камбайнаў і дадаць у экспартную скарбонку 2,5 млн. долараў.

Машынабудаўнічую галіну Беларусі на выставе прадставілі кампанія МАЗ з новым самазвалам высокай ёмістасці. Гэтая тэхніка ўжо зарэкамендавала сябе ва Узбекістане, яна прыйдзецца дарэчы і на кар'ерах Грузіі. Мінскі трактарны завод прадэманстраваў найноўшую тэхніку ў літаральным сэнсе. Усе машыны сабралі за некалькі дзён да выставы на сумеснай вытворчасці ў Батумі. Новы фармат экалагічнага перамяшчэння па горадзе.

Экспартны рэкардсмен - канцэрн "Белдзяржхарчпрам" - выкарыстаў пляцоўку ўжо не столькі для заключэння новых кантрактаў (з найбуйнейшымі дылерамі супрацоўніцтва ўжо наладжана), колькі для прамога кантракту з грузінскімі спажыўцамі.

Дарэчы, аб адкрыцці новай сумеснай вытворчасці дамовіліся сёння грузінскае малакаперапрацоўчае прадпрыемства "Мілка Фуд" і група кампаній беларускіх малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Ужо падпісаны кантракт на пастаўку сухога абястлушчанага малака. У найбліжэйшы час запусцяць працэс мадэрнізацыі вытворчасці: павялічаць аб'ёмы, пашыраць лінейку тавараў, створаць новыя працоўныя месцы.

Адкрытасць эканомік дзвюх краін сёння падкрэслілі і нефармальныя зносіны віцэ-прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Русага з прэм'ер-міністрам Грузіі Мамукам Бахтадзэ. Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі перспектывы далейшага супрацоўніцтва, а іх увасабленне ў рэальныя праекты рэалізавалі сёння ж падчас беларуска-грузінскага дзелавога савета.

А заўтра ў Тбілісі адбудзецца пасяджэнне міжурадавай беларуска-грузінскай камісіі. На парадку - 12 ключавых пытанняў ад навукі, культуры і спорту да прамысловай кааперацыі і аховы навакольнага асяроддзя.