У аграрыяў пара нарыхтоўкi кармоў

31 мая 2019
У аграрыяў зараз гарачая пара. Ідзе нарыхтоўка кармоў. Завяршаецца першы ўкос травы. Убрана каля 70 працэнтаў плошчаў. 

Колькі кармоў у цэлым неабходна нарыхтаваць? Ведае Мікіта Дзяменцьеў.

20-ты сезон запар Аляксандр Лабкоўскі працуе на нарыхтоўцы кармоў. Гаворыць, магутная тэхніка дазваляе за змену скошваць каля 20 гектараў угоддзяў. Ды і падчас першага ўкосу травы будучыя кармы для кароў захоўваюць максімум пажыўных уласцівасцяў.  

Сёння ў гэтай гаспадарцы фактычна завяршаюць першую ўборку травы. Наперадзе чакаюць яшчэ як мінімум дзве. У цэлым па краіне ўбрана 80 працэнтаў плошчаў. У лідарах Брэсцкая і Гродзенская вобласці – больш за 70 %, паўночны рэгіён пакуль адстае, там убралі 45 % плошчаў. Зрэшты, своечасова скасіць - гэта палова справы, гавораць аграрыі. Больш важна захаваць кармы. 

Менавіта вось так і павінна выглядаць сянажная траншэя будучых кармоў. У гэтым выпадку гэта бабовая трава, якую на працягу ўсяго дня трамбуюць з дапамогай пагрузчыкаў, а спецыялісты вымяраюць вільготнасць і тэмпературу, якая не павінна перавышаць 35 градусаў. У нас гэта 30, так што ўсё ў парадку. Менавіта парадак і выкананне тэхналогій пры нарыхтоўцы кармоў -  ключ да малочных рэк у моцных гаспадарнікаў. А адпаведна, і добры заробак. Да прыкладу, у саўгасе "Рачковічы" механізатары за дзень зарабляюць больш за 100 рублёў. Яшчэ адзін стымул добра працаваць - дадатковыя прэміі і заслужаныя ўзнагароды. 

А для каровак лепшая ўзнагарода - збалансаваны рацыён. Усяго па краіне неабходна нарыхтаваць больш за 9 мільёнаў тон кармоў. Прычым пажыўных.

Ды і якасць нашай малочнай прадукцыі - гэта ўжо візітоўка краіны. Айчынныя прадукты ў літаральным сэнсе разбіраюць з паліц магазінаў у краінах-суседках.  А па пастаўках тварагу і сыру Беларусь увайшла ў чацвёрку сусветных экспарцёраў за першы квартал. Усяго за тры месяцы нашы вытворцы паставілі амаль 60 000 тон прадукту, што на 11 000 тон больш, чым за аналагічны перыяд 2018. У гэтых паказчыках Беларусь апярэдзіла Аўстралію, Іран і Швейцарыю. Наперадзе толькі Еўрасаюз, ЗША і Новая Зеландыя.

Да 2020 перад аграрыямі стаіць амбіцыйная задача - за год надойваць звыш 9 мільёнаў тон малака. У мінулым гэтая лічба была нямногім больш як 7 мільёнаў. І для гэтага ў краіне ёсць і кадры, і веды, а галоўнае, тэхналогіі. Застаецца ўсяго толькі кіравацца вядомай ісцінай: хочаш быць багатым - не шкадуй корму для жывёлы.