У краіне ідзе актыўная нарыхтоўка гародніны

7 августа 2017

Паралельна з уборкай збожжа ў краіне ідзе і актыўная нарыхтоўка гародніны. Стаўку на запатрабаваны экспартны асартымент робяць у Магілёўскай вобласці. У рэгіёне, дзякуючы санацыі, атрымалася не толькі скараціць колькасць стратных прадпрыемстваў, але і па перапрацоўцы агародніннай прадукцыі перасягнуць дакрызісныя аб'ёмы вытворчасці, а значыць, атрымаць прыбыткі.

Расказвае Андрэй Ястрабаў.

На Быхаўскім кансервавым заводзе гэтымі днямі зялёны гарошак літаральна льецца ракой. Перапрацоўваюць да 40 тон за змену. Сезон у разгары, таму і працуюць без выхадных. Венгерскі гарошак - гэта частка новай стратэгіі завода - сыход ад нізкаўраджайных сартоў гародніны. Зараз з аднаго гектара збіраюць у два-тры разы больш.

Амаль 300 га адвялі сёлета ў СВК "Макранскі", па сутнасці гэта і ёсць сыравінная база завода пад гэтую культуру. 40 цэнтнераў з гектара - для прадпрыемства вялікі ўраджай.

У выніку толькі ў гэтым сезоне да пяці мільёнаў умоўных банак гатовага прадукта, які літаральна з колаў адправіцца ў Расію, Прыбалтыку, Грузію, Азербайджан. Амаль палова ўраджаю на экспарт.

Сталі працаваць і з давальніцкай сыравінай, забяспечыўшы сябе такім чынам кантрактамі на год наперад. Зараз еўрапейскія партнёры вязуць менавіта сюды замарожаную гародніну для перапрацоўкі.

Людміла Вашкевіч, галоўны спецыяліст па развіцці вытворчасці ААТ "Быхаўскі кансервава-гароднінасушыльны завод":

"Будзем вырабляць марынадную групу - перапрацоўваць таматы, агуркі, далей ідзе ікра з кабачкоў. Гарошак і кукуруза кансерваваная з хутказамарожанай сыравіны вытворчасці Малдова, Сербія, Украіна".

Да таго ж стварылі сапраўдны кластар пастаўшчыкоў з мясцовых садоўнікаў і фермераў. Ігар Немцаў - адзін з іх. Вырошчвае таматы, перац, баклажаны. Гаворыць, прапанова аб супрацоўніцтве прыйшлася дарэчы - не трэба шукаць рынкі збыту.

Другі год для кансервавага завода фермер вырошчвае кабачкі. У гэтым сезоне разлічвае на 150 тон ураджаю. Рэнтабельнасць 300%.

Сёння заводу ўжо не хапае магутнасцяў і сур'ёзна тут задумваюцца аб пашырэнні вытворчасці. А яшчэ з гэтага года прадпрыемства пачне разлічвацца па даўгах. А пару гадоў таму размова ішла аб банкруцтве.

Такім чынам, толькі сёлета ў Магілёўскай вобласці ўдалося вярнуць да жыцця яшчэ тры прадпрыемствы, а самому рэгіёну значна палепшыць эканамічныя паказчыкі. Чысты прыбытак з пачатку года вырас у 2,5 раза і склаў амаль 100 млн рублёў