У СВК "Першамайскі" на новай малочна-таварнай ферме плануюць атрымаць больш за 30 тон малака за суткі

16 Мая 2020
У СВК "Першамайскі", а гэта сельгасфіліял холдынгу "БелАЗ", на новай малочна-таварнай ферме плануюць атрымаць больш за 30 тон малака за суткі. Значэнне вышэйшае за сярэдняе па краіне. А яшчэ БелАЗ будуе для супрацоўнікаў філіяла арэнднае жыллё. Аб эфектыўнасці работы АПК і сацыяльнай падтрымцы аграрыяў - Аляксей Кандраценка. 

Малочна-таварная ферма "Слабада" працуе ўсяго паўгода, але гэты "навічок" АПК Мінскай вобласці ўжо "здымае вяршкі" ў вытворчасці малака. Праца, вядома, няпростая, ды і асаблівай формулы поспеху няма. Затое ёсць вынік: больш за 25 літраў малака за суткі на адну карову. Шчодрасць жывёл апраўданая: ва ўсіх 770 рагуль максімум камфорту плюс збалансаваная кормасумесь і салодкая меласа на дэсерт. 

Малочная ферма - гэта яшчэ і самыя сучасныя тэхналогіі. У адной толькі даільнай зале нямала электраабсталявання. Працаваць усё павінна зладжана, без збояў. За гэтым сочыць галоўны энергетык СВК "Першамайскі" Канстанцін Лёгкі. "Страхоўка" ўсёй гаспадаркі - найноўшы дызельны генератар. 

Сям’я Канстанціна Лёгкага - адна з 12-ці навасёлаў "Першамайскага", якая атрымала ключы ад арэндных кватэр у аграгарадку Слабада. Гэта ўжо другі такі дом, які БелАЗ пабудаваў для супрацоўнікаў свайго сельгасфіліяла. 

У такіх утульных кватэрах навасёлам нічога не прыйдзецца мяняць. Тут усё гатова. Многія рэчы, напрыклад міжпакаёвыя дзверы, зрабілі таксама ў вытворчых цэхах БелАза. 

Такая сацыяльная падтрымка, як жыллё - гэта яшчэ і стымул паляпшаць вынікі працы. Дзякуючы малаку класа экстра, гаспадарка плануе зарабляць больш самастойна. Прадукцыю, дарэчы, рэалізуюць перапрацоўшчыкам у Барысаў і Слуцк. 

Наваселля ў "Першамайскім" чакаюць і ў наступным годзе. Холдынг пабудуе ў аграгарадку яшчэ адзін арэндны дом. У планах і ўзвядзенне новага будынка - офіса самога сельгаспрадпрыемства.