У Сочы лідары пяці дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза узгаднялі далейшыя планы

14 мая 2018

Развіццё інтэграцыі і ўмацаванне ўзаемадзеяння - ад атамнай энергетыкі да лічбавай эканомікі і сацыяльнай палітыкі. Сёння ў Сочы лідары пяці дзяржаў, што ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз, звяралі пазіцыі і ўзгаднялі далейшыя планы. За мінулыя 3,5 года (менавіта столькі аб'яднанню) праведзена вялікая работа. І, як падкрэсліў беларускі лідар, сёння менавіта рэгіянальныя інтэграцыйныя арганізацыі ствараюць перадумовы для росту сусветнай эканомікі. Аднак эфектыўнасць мерапрыемстваў, якія праводзяцца, усё яшчэ пакідае жадаць лепшага. І на гэтым быў зроблены асаблівы акцэнт, многія дамоўленасці застаюцца па-ранейшаму нерэалізаванымі. Адным з паспяховых этапаў сумеснай працы краін у ЕАЭС Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў распрацаваны праект палажэння аб статусе дзяржавы-назіральніка. Дарэчы, сёння першай атрымала яго Малдова. А яшчэ такія саміты ўжо зарэкамендавалі сябе як зручная пляцоўка для двухбаковых перамоў, што дазваляе аператыўна вырашаць усе бягучыя пытанні. Але пра ўсё па парадку. З падрабязнасцямі з Сочы наш карэспандэнт Ілона Красуцкая.

Напярэдадні еўразійскага саміту ў Сочы ў СМІ з'яўлялася шмат загалоўкаў. Праўда, больш не аб сутнасці парадку дня, а кулуарнай часткі. Куды без чутак і здагадак. Падстаў нямала: першы замежны візіт армянскага прэм'ера, ці стане Малдова назіральнікам пры ЕАЭС? Як вядома, саміт - гэта яшчэ і добрая пляцоўка для двухбаковых сустрэч. Адна з інтрыг: пра што будуць гаварыць Лукашэнка і Пуцін? Прэзідэнты сапраўды даўно не бачыліся сам-насам. І заканамерна, што гэтая сустрэча стала адной з самых чаканых для журналістаў.

Мабыць, няма ў свеце прэзідэнтаў, якія б сустракаліся часцей, чым лідары Беларусі і Расіі. Тым не менш, больш за год паміж палітыкамі не было такога грунтоўнага дыялогу. Тое, што асабістая сустрэча будзе, прычым па ініцыятыве расійскага боку, Аляксандр Лукашэнка анансаваў на мінулым тыдні. Саміт ЕАЭС у Сочы запланаваны на другую палову дня. У першай - перамовы лідараў.

У адносінах краін за гэты час сапраўды сабралася шмат сур'ёзных пытанняў. Чаго чакаць на ўзаемным трэку далей? Размова пра стан і перспектывы двухбаковых адносін. Неўзабаве прэзідэнты ўбачацца яшчэ раз - у чэрвені ў Мінску пройдзе пасяджэнне Вышэйшага Дзяржсавета. Восенню - Форум рэгіёнаў у Магілёве. Чым не падстава для новай сустрэчы на вышэйшым узроўні.

Віншаванні з нагоды інаўгурацыі сёння гучалі не толькі ў адрас расійскага прэзідэнта. Кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэўся і з нядаўна абраным прэм'ерам Арменіі. Тыдні пратэстаў, блакіраванне вуліц. Навіны прыходзілі не самыя радасныя. Нарэшце блізкая ва ўсіх сэнсах краіна здабыла палітычны спакой.

Візіт Ніколы Пашыняна ў Сочы ў СМІ падносіўся ледзь ці не ў статусе галоўнай падзеі. Першапачаткова сумненні, ці прыедзе наогул? Раней да ЕАЭС ён быў настроены скептычна, нават галасаваў у парламенце супраць далучэння Арменіі да саюза. Але пасля ўступлення на пасаду Пашынян дакладна даў зразумець, што не збіраецца парываць з Еўразійскім саюзам. Тэма армянскага палітычнага крызісу і будучыня адносін з Беларуссю - гэтыя тэмы гучалі сёння на двухбаковых перамовах.

Попыт на беларускага лідара сёння каласальны. Па ініцыятыве малдаўскага боку яшчэ адна асабістая сустрэча. Аляксандр Лукашэнка і Ігар Дадон зусім нядаўна бачыліся ў Кішынёве, добрая падстава яшчэ раз грунтоўна пагаварыць пра тое, як выконваюцца дасягнутыя дамоўленасці. Дарэчы, краіна на саміце прысутнічае ў якасці ганаровага госця ў разліку першай атрымаць статус назіральніка пры ЕАЭС.

У перагаворным марафоне беларускага лідара была і сустрэча з прэзідэнтам Кыргызстана. Сааранбай Жээнбекаў упершыню на саміце ЕАЭС. Новага прэзідэнта краіна выбрала ў лістападзе мінулага года. Зрэшты, усё як любяць журналісты, гэты саміт як ніколі быў шчодры на інфападставы. Палітыкі змаглі пазнаёміцца і прадметна пагутарыць асабіста.

А пасля канцэнтрацыя выключна на еўразійскай інтэграцыі. "Пяцёрка" ў зборы. Некалькі кадраў для гісторыі і за стол перамоў. Расія як краіна-старшыня ў інтэграцыйным аб'яднанні прапанавала насычаны парадак дня. Для двух фарматаў (сустрэч у вузкім і пашыраным складах) каля 2 дзясяткаў пытанняў. Гэта развіццё супрацоўніцтва ў атамнай энергетыцы, лічбавай эканоміцы, сацыяльнай палітыцы. На правах гаспадара форуму Уладзімір Пуцін бярэ слова першым.

ЕАЭС ужо крыху больш за 3 гады. Першапачаткова было шмат планаў, праектаў, але некаторыя дагэтуль чакаюць увасаблення. Першачарговая задача ўсё тая ж - ператварыць ЕАЭС у саюз роўных без бар'ераў і з адзінымі рынкамі. Даты часам паказаны завоблачныя, ужо занадта аддаленая перспектыва. Замоўчваць пытанні, якія патрабуюць вырашэння, ужо дакладна не ў стылі беларускага лідара. Наша краіна, як адна са стваральнікаў саюза, ініцыюе паскарэнне працэсу па стварэнні агульных рынкаў нафты і газу.

Нягледзячы на праблемы, мінулы год для саюза быў плённым. Узаемны гандаль у "пяцёрцы" вырас амаль на 30 %. ВУП па выніках года дадаў 2 %. Адно з знакавых дасягненняў - завяршэнне працы над Мытным кодэксам. Ён уступіў у сілу з 1 студзеня гэтага года. Цікавасць да інтэграцыйнага аб'яднання сёння выяўляюць паўсотні краін. Зона свабоднага гандлю ў ЕАЭС дзейнічае з В'етнамам. Часовае пагадненне на 3 гады плануе атрымаць Іран. Перамовы па гэтым пытанні завершаны. Акрамя таго, паміж ЕАЭС і Кітаем з'явіцца пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Гэтыя дакументы з Тэгеранам і Пекінам плануюць падпісаць на эканамічным форуме ў Астане ўжо ў гэты чацвер.

Пасля кансіліуму прэзідэнтаў новы статус нарэшце здабыла Малдова. Гэта першая краіна, якая атрымала статус назіральніка пры ЕАЭС. Зараз ёсць паўнапраўная магчымасць лепш вывучыць механізм працы аб'яднання і заняцца прасоўваннем сваіх тавараў на агульны рынак саюза.

Адным са знакавых дакументаў сёння аказаўся праект палажэння аб статусе дзяржавы-назіральніка. Саюз дэманструе адкрытасць свету. І ў той жа час пасыл такі: не варта рабіць неабдуманых крокаў, калі няма дакладнага ўяўлення аб супрацоўніцтве.

Прэзідэнты сёння абмяркоўвалі і лічбавы парадак дня саюза. Пераход на лічбу ў гандлі і лагістыцы вызначаны да 2025 года. Гэтыя падыходы як нікому іншаму блізкія Беларусі, якая ўзяла курс на лічбавую трансфармацыю эканомікі. Папоўнілася і дагаворна-прававая база ЕАЭС. Гэта пагадненне аб міжнародных дагаворах з трэцімі краінамі. На гэты рынак зараз стане прасцей пастаўляць сельгаспрадукцыю. У аб'яднання з'явіўся савет па аграпрамысловай палітыцы. Галоўныя куратары - профільныя міністры.

Панядзелак - дзень цяжкі. Гэта сёння як ніколі дэманструе насычаны палітычны дзень у Сочы. Галоўнае - узгоднены далейшыя планы па паглыбленні эканамічнай інтэграцыі. Паралельна ўзяты курс на пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва. Ідуць перамовы з Ізраілем, Сербіяй і Сінгапурам па стварэнні зон свабоднага гандлю. Аналагічныя кансультацыі запланаваны з Егіптам і Індыяй. Аб выніках саміту эксперты будуць гаварыць яшчэ не адзін тыдзень. Першымі выказаліся самі лідары, прычым непратакольна. Напрыклад, лідар Малдовы падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы і за асабістую сустрэчу, і своечасовую дапамогу малдаўскім аграрыям. Любіць дзяліцца вынікамі сустрэч і перамоў у прамым эфіры ў сацсетцыі Нікола Пашынян.

Яшчэ адна з апошніх навін: прапанова атрымаць статус краіны-назіральніка пры інтэграцыйным аб'яднанні адрасавана Таджыкістану. Сімвалічна, прама з Сочы борт нумар 1 Прэзідэнта Беларусі адправіўся ў гэтую сярэднеазіяцкую рэспубліку. Напэўна, падчас двухбаковых перамоў з яе лідарам Эмамалі Рахмонам па слядах саміту ў Сочы палітыкам будзе што сказаць адзін аднаму і па гэтым пытанні.