У Смалявіцкім раёне вырошчваюць бульбу фіялетавага колеру

5 октября 2017

У адной з фермерскіх гаспадарак Смалявіцкага раёна вырошчваюць бульбу незвычайнага фіялетавага колеру. І ўласцівасці ў яе таксама асаблівыя - разводзяць яе ў якасці прафілактычнага сродку ад анкалагічных захворванняў. Ураджайнасць лекавай бульбы небывалая – з аднаго куста збіраюць больш за 10 кілаграмаў клубняў. Смакавыя якасці другога хлеба з фіялетавым адценнем ацаніў Аляксандр Харавец.

Каб убачыць незвычайныя клубні, аграном фермерскай гаспадаркі капае зямлю не менш за 5 хвілін. Такое ўражанне – не бульбу капаем, а скарб шукаем.

Ганна Крапіўка расказвае, вырошчванне карыснай бульбы пачыналася тры гады таму ўсяго з чатырнаццаці клубняў. Насенне прывезлі з Галандыі. А сёлета пад пасевы адвялі 10 сотак. З аднаго куста ў цяплічных умовах атрымліваюць больш за 10 кілаграмаў агародніны.

Паводле слоў навукоўцаў, менавіта вялікая колькасць антацыянаў у клубнях і робіць гэты гатунак карысным і выкарыстоўваецца ў якасці прафілактычнага сродку ад анкалагічных захворванняў.

Фермеры смяюцца, перш чым адправіць такую бульбу ў гандлёвую сетку, усе доследы праводзяць спачатку на ўласным здароўі.

І пакуль на кухні гатуюць прысмакі з незвычайных клубняў, мы з кіраўніком гаспадаркі абмяркоўваем ураджайныя перспектывы звыклых беларусам гатункаў. Паводле слоў Уладзіміра Крапіўкі, сёлета пад другі хлеб адвялі амаль 130 гектараў. І з аднаго збіраюць каля сямісот цэнтнераў. Прычым вырошчваюць гатункі як айчыннай, так і замежнай селекцый.

Увесь ураджай пастаўляюць як на унутраны рынак, так і адпраўляюць за мяжу. Большая ж частка ідзе ў сховішча, дзе будзе захоўвацца да вясны. Між тым на кухні нас ужо чакаюць стравы з палярнай зоркі. Сок і вараная бульба.

На прылаўках магазінаў гэтая бульба сёлета не з'явіцца. Большая частка ўраджаю зноў пойдзе на насенне. А вось звыклага другога хлеба ў гэтым годзе больш чым дастаткова. Толькі ў спецыяльныя сховішчы аграрыі вобласці плануюць змясціць каля 200 тысяч тон. Дарэчы, убраць бульбу з палёў павінны да сярэдзіны кастрычніка.