У Смалявіцкім раёне ўпершыню заняліся вырошчваннем лімонаў

2 октября 2019

Сельгасарганізацыі і цяплічныя камбінаты Мінскай вобласці набліжаюцца да завяршэння аграсезона - збіраюць апошнія партыі традыцыйнай садавіны і эксперыментуюць з экзотыкай. У Смалявіцкім раёне ўпершыню заняліся вырошчваннем лімонаў. Якія перспектывы ў цытрусавых - пацікавіўся Аляксей Кандраценка.

У цяплічнага камбіната свой агранамічны гадавы рытм работы. У лютым  "узыход", а бліжэй да лістапада "захад". Менавіта зімой тут высяваюць насенне для расады, а першы ўраджай агуркоў збіраюць акурат да Дня абаронца Айчыны. Зараз на галінках  апошнія плады. У гаспадарцы "Азярыцкі-Агра" ўзяліся і за таматы чэры. Упершыню. Справа працаёмкая, але выгадная: маленькія памідоры ахвотна купляюць не толькі ў нас, але і ў Санкт-Пецярбургу. Цэніцца  выключная натуральнасць. 

Аграрыі Смалявіцкага раёна піянеры і яшчэ ў адным эксклюзіўным відзе раслінаводства - вырошчванні лімонаў. 

Як і з чэры, з лімонамі трэба шмат працаваць: падтрымліваць мікраклімат, ім патрэбныя 13 пажыўных элементаў. Чатыры сарты цытрусавых раслін адчуваюць сябе камфортна на 5 эксперыментальных сотках. 

Па выніках назіранняў і эксперыментаў з лімонамі спецыялісты "Азярыцкага-Агра" зразумеюць, наколькі "некіслыя" перспектывы ў гэтай культуры. Але ў адным аграрыі ўпэўненыя:  у наступным годзе ў іх ліманарыі з'явяцца і іншыя цытрусавыя расліны.