У Смаленскай вобласці пачалі працаваць дзве аўтазаправачныя станцыі пад брэндам Beloil

11 марта 2015

Гэта пілотны праект беларускага і расійскага бізнесу. Яго мэта - папулярызацыя на рынку ўсходняга партнёра высокаякасных нафтапрадуктаў айчыннай вытворчасці пад беларускім брэндам.

Перспектывы бізнес-праекта ацаніла Вольга Маслоўская.

Белы і зялёны колер аўтазаправачных станцый на расійскіх дарогах у навінку. Зараз гэта фірмовы стыль новага брэнда Beloil. Брэнда, які азначае, што тут прадаюць беларускі бензін.

Летась на расійскі рынак Беларусь паставіла больш як 1 мільён тон бензіну. Увесь аб'ём рэалізоўваўся пад маркамі расійскіх нафтатрэйдынгавых кампаній. Жаданне самім атрымліваць максімальны прыбытак ад уласнага прадукта падштурхнула да стварэння новага брэнда на рынку Расіі.

Сяргей Грыб, намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях ЗАТ "Беларуская нафтавая кампанія": "Калі мы ў 2012 годзе пачалі пастаўкі, спажыўцы ўбачылі добрую якасць беларускіх нафтапрадуктаў. Рынак РФ развіваецца так, што выйграюць тыя кампаніі, якія гарантуюць якасць".

Мікалай Куцко, кіраўнік аддзялення пасольства Беларусі ў Смаленску: "Беларуская нафтавая кампанія" сваёй дачкой - вы ведаеце, што даччыныя кампаніі адчыненыя ў Лондане, Рызе, ва Украіне і ў Смаленску - літаральна за два гады выйшлі на рэалізацыю 750 тысяч тон ГЗМ за год".

Два аўтазаправачныя комплексы пад брэндам Beloil адкрыліся на трасе федэральнага значэння "Арол - Смаленск". Якасць, цэны, сэрвіс на ўзроўні.

Аб'екты Beloil з'явяцца яшчэ ў трох абласцях Расіі, у тым ліку ў сталічным - Маскоўскім - рэгіёне. Плануецца, што ўжо да канца года сетка АЗС з беларускім каларытам будзе налічваць 20 станцый.

Запраўкі знаходзяцца ва ўласнасці адной з буйных расійскіх кампаній. Але ў выпадку паспяховай абкаткі брэнда беларускія бізнесмены маюць намер узводзіць уласныя аўтазаправачныя комплексы.