У Шанхаі стартавала першая выстава імпартных тавараў China International Import Expo

5 ноября 2018

Сёння ўвесь "Шаўковы пояс" завязаўся ў адзін вялікі гандлёвы вузел. У Шанхаі стартавала першая выстава імпартных тавараў. China International Import Expo размясцілася ў найбуйнейшым у свеце выставачным комплексе. Адкрыў першую выставу імпарту Старшыня КНР Сі Цзіньпін. У маштабным гандлёвым форуме бяруць удзел больш чым 3 600 кампаній з усяго свету. Згодна з падлікамі экспертаў, выставу наведаюць каля 400 тысяч кітайскіх і замежных прадстаўнікоў.

Сі Цзіньпін, Старшыня КНР: "Кітай не закрые свае дзверы знешняму свету і будзе станавіцца толькі больш адкрытым, пры гэтым прасоўваць шматбаковае супрацоўніцтва з мэтай садзейнічання развіццю. Ініцыятыва Кітая па пашырэнні імпарту - гэта доўгатэрміновая ініцыятыва, якая ахоплівае ўвесь свет і накіраваная ў будучыню”.

У бітве за пакупніка сыдуцца кампаніі са 130 краін. Тут жа з'явіцца і гандлёвая прастора Беларусі. Стэнды падрыхтавалі больш за 70 кампаній, сярод якіх прамысловыя гіганты БелАЗ, МТЗ, Гомсельмаш, а таксама прадпрыемствы Беллёгпрама, Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень". Не абыдзецца, вядома, і без беларускіх экапрадуктаў.

Кірыл Руды, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі: "Сёлета за 8 месяцаў колькасць беларускіх тавараў на кітайскім рынку вырасла ў 9 разоў".

Прадоўжыцца China International Import Expo да 10 лістапада. Як адзначыў лідар КНР, эканамічная глабалізацыя ўяўляе сабой незваротны гістарычны трэнд і надае імпульс сусветнаму эканамічнаму развіццю.