У.Сямашка: Тарыфы на электраэнергію для прамысловасці могуць знізіцца на 30%

30 мая 2017

Тарыфы на электраэнергію для прамысловасці  пасля ўводу ў эксплуатацыю Беларускай АЭС могуць знізіцца на 30%. Гэта заявіў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка падчас адкрыцця міжнароднай канферэнцыі Сусветнай асацыяцыі аператараў АЭС. Яна працягваецца ў гэтыя хвіліны ў Мінску. Па планах тарыф паменшыцца на 3,4 цэнта. Паніжэнне сабекошту электраэнергіі дазволіць адкарэктаваць тарыфы і для насельніцтва.

Уладзімір Сямашка таксама адзначыў, што ўжо завершаны стрэс-тэсты на Беларускай АЭС. Па іх выніках будзе падрыхтавана нацыянальная справаздача, якую прадставяць ураду ЕС. Адзначым, гэта ўласная ініцыятыва Беларусі, каб яшчэ раз падкрэсліць адкрытасць атамнага праекта і гатоўнасць да дыялогу. Такую пазіцыю адзначаюць і ўдзельнікі сённяшняга форуму ў Мінску. Гэта больш чым сотня спецыялістаў з 10 краін.