У Санкт-Пецярбургу падвялі вынікі Савета МПА СНД

22 ноября 2019
Эканамічная бяспека, стварэнне транснацыянальных карпарацый і моладзевы парламент: у Санкт-Пецярбургу падвялі вынікі Савета Міжпарламенцкай асамблеі СНД. Сярод прынятых дакументаў - стратэгія забеспячэння інфармацыйнай бяспекі дзяржаў Садружнасці. Гэтая тэма асабліва актуальная падчас нарастання кіберпагроз. Таксама парламентарыі зацвердзілі праект эканамічнага развіцця СНД да 2030 года. У прыватнасці, абмеркавалі пытанне збліжэння заканадаўства - гэта дапаможа стварыць камфортныя ўмовы для стварэння транснацыянальных еўразійскіх карпарацый. 

Таксама парламентарыі Беларусі і Расіі зацвердзілі бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2020 год. Сума - 5 мільярдаў 500 мільёнаў расійскіх рублёў. Больш як 85% пойдзе на рэалізацыю 11-ці саюзных праграм. Яны датычацца супрацоўніцтва ў навуцы, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, транспарце і гарантаванні бяспекі Саюзнай дзяржавы. Таксама за кошт саюзнага бюджэту працягнецца рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" і будаўніцтва Ржэўскага мемарыяла савецкаму салдату. Адкрыццё павінна адбыцца 9 мая 2020 года.