У Расіі ліквідавана вытворчасць кантрафактных запчастак БелАЗа

11 декабря 2019
Вытворчасць кантрафактных запчастак для БелАЗаў выявілі ў Расіі. Цэхі былі размешчаныя ў Кемераўскай вобласці. Паводле звестак расійскай паліцыі, мясцовыя жыхары закуплялі ў пункце прыёму металалому зношаныя запчасткі да беларускіх самазвалаў. Надавалі ім выгляд новага тавару і прадавалі. Паводле заключэння спецыялістаў, адноўленыя дэталі не вытрымліваюць разліковыя нагрузкі. Іх выкарыстанне магло прывесці да сур'ёзных рызык, у тым ліку для жыцця людзей. Падпольная вытворчасць ліквідавана.

Прадукцыя, якая ў трэндзе ў расійскіх фальсіфікатараў


Дададзім, што пытанні якасці тавараў апынуліся ў топе і на сустрэчы ў Маскве. Напярэдадні Генпракуратура Беларусі і пасольства нашай краіны правялі нараду з кіраўнікамі беларускіх кампаній, якія працуюць на тэрыторыі Расіі. Як адзначыў Аляксандр Канюк, выраб кантрафактнай харчовай прадукцыі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі нясе пагрозу як для здароўя людзей, так і адмоўна адбіваецца на іміджы беларускіх гандлёвых марак. Праблема вядомая даўно. Адзін з апошніх прыкладаў: літаральна ў лістападзе беларускія праваахоўнікі звярнуліся да калегаў з просьбай узяць на кантроль расследаванне крымінальнай справы - яе ўзбудзілі пасля таго, як выявілі і выключылі з абароту падробленую прадукцыю аднаго з малочна-кансервавых камбінатаў.

Зараз высвятляецца памер шкоды. Не сакрэт, што беларуская мяса-малочная прадукцыя ў трэндзе расійскіх фальсіфікатараў. У асноўным злачынствы датычацца парушэнняў у сферы аўтарскага права і могуць выходзіць за рамкі грамадзянска-прававых адносін. Таму маральны імідж айчынным прадпрыемствам прыходзіцца аднаўляць або нават адваёўваць праз суды.