Ва ўрадзе вызначылі кірункі працы кожнага з нядаўна прызначаных віцэ-прэм'ераў

23 августа 2018

Адпаведнае распараджэнне падпісаў прэм'ер-міністр. Сяргей Румас непасрэдна кіруе Саўмінам і курыруе большасць пытанняў, якія знаходзяцца ў вядзенні міністэрстваў, ведамстваў, аблвыканкамаў. Таксама ў зоне адказнасці новага прэм'ер-міністра і зусім не новая для яго фінансава-інвестыцыйная тэма - выкананне найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і выкананне рэспубліканскага бюджэту.

Першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын бярэцца за пытанні развіцця лічбавай эканомікі. Таксама ён адказвае за каардынацыю знешнеэканамічнай дзейнасці, падатковую і грашова-крэдытную палітыку, інвестпраекты, прыватызацыю, прадпрымальніцтва, мытню, сувязь з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, свабодныя эканамічныя зоны.

Намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Кухараў праз прызму вялікага вопыту працы ў Камітэце дзяржкантролю возьмецца за пытанні развіцця будаўнічага комплексу, транспарту і камунікацый, ЖКГ, надзвычайных сітуацый.

Экс-кіраўнік "Белнафтахіма", віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка бярэ куратарства над развіццём прамысловасці, "абаронкі" і энергетычнага комплексу. Таксама ён адказвае за інавацыі, пытанні інтэлектуальнай уласнасці, канкурэнтаздольнасць прадукцыі, імпартазамяшчэнне, фарміраванне балансу паліўна-энергетычных рэсурсаў Саюзнай дзяржавы.

Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка курыруе сацыяльную сферу: сацабарону насельніцтва, медыцыну, адукацыю, спорт, культуру. Таксама адказвае за сувязі з ключавымі для Беларусі інтэграцыйнымі структурамі: ЕАЭС, СНД, Саюзнай дзяржавай.

Віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы як і раней курыруе пытанні развіцця АПК, вытворчасці і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі. Яшчэ ў яго зоне адказнасці - лясная гаспадарка, прыродныя рэсурсы і ахова навакольнага асяроддзя.