У. Патупчык: У рашэнні адмовіцца ад імпарту расійскай электраэнергіі няма палітычнай падаплёкі

20 декабря 2017

У рашэнні адмовіцца ад імпарту расійскай электраэнергіі няма палітычнай падаплёкі.

Гэта сёння ў эксклюзіўным інтэрв'ю нашаму тэлеканалу заявіў міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык. Адыход ад расійскага імпарту Беларусь дэкларавала ўсе апошнія гады з разлікам пераходу выключна на ўласную выпрацоўку электраэнергіі да 2020 года. Імпарт падаў планамерна: з 2012-га ён скараціўся ў 4 разы. За гэты час Беларусь на траціну зрабіла больш таннай вытворчасць кілават-гадзіны, да таго ж увяла ў строй новыя магутнасці. Гэта робіць закупкі звонку эканамічна немэтазгоднымі, падкрэсліў міністр. Менавіта таму тэрміны адмовы ад расійскай электраэнергіі ссунутыя ўжо на наступны год.

Уладзімір Патупчык, Міністр энергетыкі Беларусі: "Тут няма ніякай палітыкі. Расія была і застаецца галоўным стратэгічным партнёрам Беларусі. Рашэнне, якое мы прынялі, носіць чыста эканамічны характар. Мы да гэтага ішлі даўно. І сёння прынятае рашэнне стала вынікам той вялізнай работы, якую мы правялі па мадэрнізацыі беларускай энергасістэмы. Апошнія перамовы з расійскімі партнёрамі паказалі, што расійскі бок пакуль не гатовы пасунуцца па цане сваёй электраэнергіі для мэтаў імпартнай закупкі з нашага боку, і мы, пралічыўшы эканоміку, убачылі, што для краіны будзе больш выгадным забяспечыць уласную выпрацоўку электраэнергіі на нашых крыніцах”.

Як перабудуе беларускую энергасістэму запуск БелАЭС? Ці адчуе гэта кашалёк спажыўца? А таксама як і колькі плацім за святло і цяпло? І ці чакаць у сістэме разлікаў новых дыферэнцыраваных падыходаў? Міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык раскажа "Галоўнаму эфіру" ў нядзелю ў 9 вечара.