У пленарным пасяджэнні VI Форуму рэгіёнаў возьмуць удзел прэзідэнты Беларусі і Расіі

18 июля 2019

У Санкт-Пецярбургу працягваецца VI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Аляксандр Лукашэнка напярэдадні прыбыў  з рабочым візітам. Сёння ў Таўрычаскім палацы пройдзе пленарнае пасяджэнне з удзелам лідараў дзвюх краін. Учарашні дзень форуму быў прадукцыйным - падпісаны кантракты на 120 мільёнаў долараў. 

Якія пагадненні  чакаюцца сёння? Усе падрабязнасці  ў Дар'і Белавусавай-Пятроўскай

Сёння заключны, але самы адказны дзень работы VI  Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. 
У Таўрычаскім палацы Санкт-Пецярбурга збярэцца палітычная і эканамічная эліта дзвюх краін. Гэта міністры, кіраўнікі парламентаў, дэпутаты, губернатары, а таксама кіраўнікі прадпрыемстваў і прадстаўнікі бізнесу.
 Работа форуму пачнецца з пленарнага пасяджэння. Тэма дыскусіі - міжрэгіянальныя сувязі. Менавіта яны фарміруюць адзіны культурны і гуманітарны пласт народаў Беларусі і Расіі. Гэта пытанні агульнай інфармацыйнай прасторы, сумесныя культурныя і гуманітарныя праекты, супрацоўніцтва і абмен вопытам у сферы вышэйшай адукацыі, навуковыя распрацоўкі. У рамках форуму будуць падпісаны пагадненні аб гандлёва-эканамічным, навуковым і культурным супрацоўніцтве Беларусі з Саратаўскай і Смаленскай абласцямі Расіі і з Інгушэціяй. А таксама паміж кампаніяй БелАЗ і Санкт-Пецярбургскім горным універсітэтам. 

У пленарным пасяджэнні VI Форуму рэгіёнаў возьмуць удзел прэзідэнты Беларусі і Расіі. Лідары не прапускаюць такія сустрэчы і тым самым падкрэсліваюць значэнне рэгіянальных сувязяў. Таксама запланаваны двухбаковыя перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.  У цэнтры ўвагі пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй.