У Парку высокіх тэхналогій адкрыецца цэнтр навукова-тэхнічных распрацовак Uber

24 мая 2017

У Беларусі ствараюцца ўмовы для развіцця беспілотнага транспарту і адкрыецца цэнтр навукова-тэхнічных распрацовак Uber у Парку высокіх тэхналогій.

Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў сёння правёў сустрэчу з кіраўніцтвам сусветнай высокатэхналагічнай кампаніі. І падтрымаў ініцыятыву Uber па супрацоўніцтве з ПВТ. Кіраўнік урада падкрэсліў, што ўвага з боку найбуйнейшага анлайн-сэрвісу па перавозках пасажыраў да нашай краіны з'яўляецца пацверджаннем дынамікі развіцця лічбавых тэхналогій і бізнес-асяроддзя ў Беларусі.

Ужо ў Парку высокіх тэхналогій было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. Дырэктар ПВТ Усевалад Янчэўскі і генеральны дырэктар Uber па рэгіёне Еўропы, Блізкага Усходу і Азіі П'ер-Дзімітрый Гор-Каці дамовіліся аб сумеснай працы ў сферы беспілотнага транспарту і адкрыцця цэнтра навукова-тэхнічных распрацовак. Кампанія Uber была створаная ў 2009 годзе. Сёння дадаткам карыстаюцца больш чым у 76 краінах свету.

Упершыню мегакарпарацыя такога ўзроўню мае маштабныя планы па супрацоўніцтве з ПВТ. Сэрвіс Uber пачаў функцыянаваць у Беларусі ў 2015 годзе. Паездкамі на нашай тэрыторыі скарысталіся грамадзяне 72 краін.