У Оршы прайшло выязное пасяджэнне Віцебскага аблвыканкама

13 февраля 2019

Часу на разварушванне няма! Ужо павінны быць бачныя вынікі і эфектыўнасць рашэнняў, падпісаных Прэзідэнтам. Сёння на выязным пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама разглядалі пытанні развіцця Аршанскага раёна. Паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, сітуацыя ў рэгіёне, якая склалася,   звязана з недаглядам у працы кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і мясцовай улады. Наталля Качанава адзначыла, што ў распараджэнні кіраўнікоў ёсць усе неабходныя інструменты для развіцця Аршанскага рэгіёна. Толькі выкарыстоўваюць яны іх не заўсёды хутка і эфектыўна.

Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі:

"Пытанняў яшчэ шмат у рэалізацыі тых задач, якія стаяць перад гэтым рэгіёнам. Гэта, перш за ўсё, эканоміка, гэта выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. На жаль, яны яшчэ не радуюць. Вядома, зрухі ёсць і зрухі сур'ёзныя. Але гэта яшчэ не тыя вынікі, якія павінны быць у развіцці гэтага рэгіёна".

Тым больш, што 506-ты ўказ Прэзідэнта "Аб развіцці Аршанскага раёна" дае вялікія магчымасці і льготы для вытворцаў, якія арганізавалі свой бізнес у Оршы. Права на прэферэнцыі пацвярджае адпаведны сертыфікат, які выдаецца Гандлёва-прамысловай палатай. З пачатку года 16 юрыдычных асоб у Аршанскім раёне ўжо атрымалі гэты дакумент. Асаблівая ўвага - стварэнню рабочых месцаў і развіццю дзелавой ініцыятывы насельніцтва.

Аператыўна неабходна вырашаць і праблему пустуючых будынкаў. У раёне іх паўтысячы. А гэта 300 тысяч квадратных метраў, якія маглі б працаваць на эканоміку раёна, але пакуль з'яўляюцца мёртвым грузам.