У Аршанскім раёне завяршаецца будаўніцтва інавацыйнага біяэнергетычнага комплексу

10 июля 2020
У Аршанскім раёне  завяршаецца будаўніцтва інавацыйнага біяэнергетычнага комплексу на тысячу галоў дойнага статка. Праект рэалізуецца ў некалі стратным сельгаспрадпрыемстве "Вусце", якое па даручэнні Кіраўніка дзяржавы перадалі Акадэміі навук. Комплекс узводзяць па перадавых тэхналогіях. Жывёліны будуць на бяспрывязным утрыманні, даільную залу пабудуюць па тыпе "карусель". Будуць усталяваныя электронная сістэма кіравання статкам, мабільныя кормараздатчыкі-змяшальнікі.

Ступень гатоўнасці комплексу сёння ацаніў віцэ-прэм'ер  Аляксандр Субоцін. Чакаецца, што ён пачне працу ў верасні.

Аляксандр Субоцін, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Навукоўцы прапанавалі паспрабаваць памяняць пароду жывёл. У нас чорна-пярэстыя, а там будуць чырвоныя. І па ўсіх рэкамендацыях яны больш устойлівыя да хвароб. Плюс - гэта больш тлустае малако: пад пяць працэнтаў. Увогуле, сабралі ўсё, што можна было сабраць інавацыйнага, перадавога, і пабудавалі тут".


Элітнае насенне сельгаскультур будуць вырабляць у "Вусці"


Яшчэ адзін важны аб'ект рыхтуюць да запуску навукоўцы. У "Вусці" збудаваны інавацыйны комплекс для падрыхтоўкі насення сельгаскультур. Тут будуць вырабляць насенне высокіх рэпрадукцый рапсу, зерневых, травы, льну. Да дзесяці тысяч тон за год. Усе працэсы аўтаматызаваныя. Гэта першы спецыялізаваны цэнтр у Віцебскай вобласці і самы буйны ў краіне. Яго будаўніцтва стала магчымым дзякуючы Дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады.