У Нясвіжскім раёне прадэманстравалі новую лінейку глебаапрацоўчай і корманарыхтоўчай тэхнікі

21 сентября 2018

Прэм'ера на беларускім аграрынку. Сёння на адным з палёў ў Нясвіжскім раёне прадэманстравалі новую лінейку глебаапрацоўчай і корманарыхтоўчай тэхнікі. Распрацоўкі айчынных вытворцаў зацікавілі не толькі аграрыяў Мінскай вобласці, але і замежных спецыялістаў. На выставачнай пляцоўцы дамовіліся падпісаць кантракты з егіпецкім бокам.

Рэпартаж Аляксандра Хараўца. Больш за 20 гадоў Дзмітрый Фянько прысвяціў працы на зямлі. Механізатар у асноўным спецыялізуецца на падрыхтоўцы глебы да пасяўных работ. Кажа, паспрабаваў не адзін культыватар. Апошнія два месяцы выпрабоўвае вось гэты агрэгат.

Усяго на пляцоўцы прадэманстравана 15 новых мадэлей тэхнікі для аграпрамысловага комплексу. Усе агрэгаты – дасягненні беларускіх машынабудаўнікоў. Прычым асноўны ўпор канструктары зрабілі на якасць, а дабіліся яшчэ і значнага зніжэння кошту ў параўнанні з імпартнымі аналагамі. Ацаніць працу новых мадэлей сёння прыехалі кіраўнікі амаль усіх гаспадарак Мінскай вобласці. І не толькі. Спецыялісты з Егіпта амаль што на выставачнай пляцоўцы дамовіліся з беларускімі калегамі аб пастаўцы вялікай партыі тэхнікі для апрацоўкі зямлі ў пойме ракі Ніл.

Трапіць на рынак з новай лінейкай агратэхнікі даволі няпроста. І толькі якасцю можна зацікавіць пакупнікоў. Беларускім машынабудаўнікам гэта ўдаецца.

І сёння ўсе гэтыя навінкі выпрабоўваюць не толькі на выставачнай пляцоўцы. Аграрыі вобласці робяць сур'ёзны тэст-драйв прама ў полі, дзе актыўна вядзецца сяўба азімых. Завяршыць гэтыя работы плануюць да 1 кастрычніка.