У Маскве стартавалі Дні Мінска

10 октября 2017

Цеснае супрацоўніцтва паміж краінамі СНД напоўнена і мноствам сумесных культурных праектаў. Так, сёння ў Маскве стартавалі Дні Мінска. Яны ўключаюць не толькі масавыя гулянні і забаўныя праграмы для гасцей і жыхароў сталіцы (кірмашы беларускіх тавараў, дарэчы, разгарнуліся адразу на трох пляцоўках), але і эканамічны складальнік - падпісанне шэрагу пагадненняў у галіне аховы здароўя і харчавання. Якія яшчэ дамоўленасці будуць дасягнутыя і чым парадуюць мінчане жыхароў Масквы? З сэрца Расійскай Федэрацыі Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Беларускія народныя песні - прадуманы маркетынгавы ход. Вясёлая музыка вабіць масквічоў і гасцей расійскай сталіцы на беларускі кірмаш, як пчол на мёд. І тут ужо з пустымі рукамі не адпусцяць нікога. Прадукцыя на любы густ. Больш за сто айчынных прадпрыемстваў гатовыя і накарміць, і апрануць, і сувеніры на памяць падарыць.

Дні Мінска ў Маскве праходзяць ужо другі раз. Праграма вельмі насычаная. Беларускія кірмашы разгарнуліся адразу на трох пляцоўках расійскай сталіцы, каб дагадзіць як мага большай колькасці масквічоў. Айчынныя прадукты тут любяць за якасць, смак і цэны.

Яшчэ адзін плюс беларускага кірмашу - тут можна пакаштаваць сапраўдную нацыянальную кухню. Дранікамі ўжо нікога не здзівіш, а вось шашлык па-беларуску - сапраўдны эксклюзіў!

Дні Мінска ў Маскве - гэта захапляльнае падарожжа ў гісторыю беларускай сталіцы з дня яе заснавання да нашых дзён. На выставе ў Музеі Масквы выстаўлены экспанаты розных эпох. Гэта Радзівілаўскі летапіс з ілюстрацыямі бітвы на рацэ Нямізе 3 сакавіка 1067 года - першае пісьмовае згадванне аб нашым горадзе; адзенне і мэбля гараджан XVI стагоддзя; можна нават убачыць чыгунную калонку, з такіх мінчане XIX стагоддзя бралі пітную ваду. Пра пасляваенны час раскажа першы гарадскі трамвай, пра савецкі - тэлевізар "Гарызонт", гонар кожнай беларускай сям'і 60-х, а пра сучасны - гарадская скульптура, якая сёння ўпрыгожвае сталіцу Беларусі.

Афіцыйна сталіцы Беларусі і Расіі супрацоўнічаюць ужо 5 гадоў, з 2012-га. У агульным аб'ёме экспарту тавараў беларускіх прадпрыемстваў у Расію Масква на першым месцы.

Гарады плануюць узаемадзейнічаць і ў іншых напрамках. Сёння мэры Мінска і Масквы падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы аховы здароўя. Дакумент дапаможа ўрачам абменьвацца вопытам у вывучэнні новых метадаў дыягностыкі і лячэння, а таксама ўзаемадзейнічаць у галіне трансплантацыі органаў і стваловых клетак.

Дні Мінска ў Маскве - гэта яшчэ і агульная гісторыя Вялікай Айчыннай вайны. Як памяць аб гістарычным ваенным мінулым двух гарадоў мэр Мінска Андрэй Шорац і прадстаўнікі ўрада Масквы ўсклалі вянкі да Магілы Невядомага Салдата ў Аляксандраўскім садзе.

А заўтра ў сталіцы Расіі пройдзе форум дзелавога супрацоўніцтва Мінска і Масквы. Прадстаўнікі дзвюх сталіц падзеляцца вопытам у арганізацыі інфраструктур вялікіх гарадоў. Набалелыя тэмы - гэта зніжэнне энергаспажывання ў жылых дамах, арганізацыя парковак, рэстаўрацыя гістарычнага цэнтра і нават будаўніцтва метро ў складаных гарадскіх умовах. Таксама пагавораць наконт развіцця турыстычнага бізнесу і сумесных праектаў у адукацыі.