У Маскве прайшла нарада з суб'ектамі тавараправоднай сеткі беларускіх арганізацый-экспарцёраў

27 апреля 2017

У тавараправоднай сетцы беларускіх прадпрыемстваў у Расіі нярэдка квітнеюць крымінал, чыноўніцкія кармушкі і кумаўство. Так ахарактарызаваў сітуацыю Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк. Сёння ў Маскве ён прыняў удзел у нарадзе з суб'ектамі тавараправоднай сеткі беларускіх арганізацый-экспарцёраў. На сустрэчы асаблівая ўвага была нададзена праблемным пытанням дэбіторскай запазычанасці, якую неабходна пагашаць. Па распараджэнні Прэзідэнта Беларусі пытаннямі, звязанымі са спагнаннем запазычанасці і пакрыццём шкоды, даручана ўшчыльную займацца Генпракуратуры. Па словах Аляксандра Канюка, тавараправодныя сеткі са сваёй задачай не спраўляюцца. У гэтай сферы дзейнічаюць крымінальныя схемы.

Аляксандр Канюк, Генеральны пракурор Беларусі: "Нашы чыноўнікі стварылі падкантрольныя фірмы тут, у Маскве, зарабляюць несумленным шляхам сабе на жыццё, буду прама так і гаварыць. І Генеральная пракуратура зараз вельмі шчыльна разам з іншымі праваахоўнымі органамі займаецца гэтай праблемай. Кадравая палітыка ў тавараправоднай сетцы - прафанацыя. Прызначаюцца на гэтыя пасады людзі, якія ніякага дачынення не маюць да эканомікі, якія абсалютна не разумеюць у гэтым. Па пратэкцыі, па знаёмстве неяк уладкоўваюцца. Зарплаты тут у параўнанні з Беларуссю вялізныя, але яны сябе не акупліваюць. Вынікам павінна быць тое, што ў людзей павінна быць разуменне, што яны павінны займацца сваёй справай".

Сёння на тэрыторыі Расіі створана 189 суб'ектаў тавараправоднай сеткі. Але аб'ёмы паставак праз іх не растуць, а зніжаюцца. Дэбіторская запазычанасць складае каля 400-500 мільёнаў долараў.