У Маскве прайшоў бізнес-форум

17 марта 2017

Стварыць сумесны праект у сельгасмашынабудаванні ў будучыні Беларусь плануе з Расіяй і Аўстрыяй. У Маскве прайшоў бізнес-форум, які аб'яднаў больш за 500 удзельнікаў з трох краін. Упершыню ў такім фармаце бізнесмены збіраліся ў Вене, затым у Мінску і зараз - у расійскай сталіцы.

Уладзімір Улаховіч, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты: "Будучыня за развіццём прамысловай кааперацыі. Для таго каб вырабляць інавацыйную прадукцыю, сумесна выкарыстоўваць нашу прамысловую пляцоўку, вырабляць сумесную прадукцыю на рынкі ЕАЭС і ЕС. За гэтыя тры форумы ў іх прынялі ўдзел больш як тысяча прадпрыемстваў. Гэта сур'ёзная лічба. Гэта прыклад таго, як мы можам развіваць нашы будучыя гандлёва-эканамічныя адносіны".

Сяргей Катырын, кіраўнік Гандлёва-прамысловай палаты Расіі: "З беларусамі ў нас найвышэйшы ўзровень кааперацыі. Я думаю, мы сёння наўрад ці знойдзем такога партнёра, з якім мы былі б так цесна пераплеценыя. Гэта сельгасвытворчасць, сельгасмашынабудаванне. Тут вельмі добры ўзровень дасягнуты. Гэта як прыклад, што трэба рухацца і ў іншых галінах. Гэта сельгасвытворчасць. Факт таго, што Беларусь з'яўляецца адным з вядучых сельгасвытворцаў у многіх пазіцыях, якія ў нас у Расіі яшчэ не так развітыя. Гэта і чырвонае мяса, і малако, і гэтак далей. Гэта і транспартнае машынабудаванне, беларускія транзітныя магчымасці, шмат кірункаў, у якіх мы можам працаваць".

Сёння на расійскі рынак Беларусь пастаўляе больш як 40% айчыннай прадукцыі. А ў сумесных праектах толькі ў Расіі занята каля 10 мільёнаў чалавек. Цесна супрацоўнічаем і з Аўстрыяй. За апошнія сем гадоў у мадэрнізацыю беларускіх кампаній укладзена каля 6 мільярдаў еўра.