У Маскве адкрываюць беларуска-расійскую вытворчасць ліфтаў

13 июня 2018

Мемарандум падпісалі кампаніі "Магілёўліфтмаш" і "Паветратэхніка". Летась у Расіі ўсталявалі больш за 40 тысяч ліфтаў, 90 % з іх - гэта ліфты айчыннай вытворчасці. Згодна з тэхнічнымі патрабаваннямі Еўразійскага эканамічнага саюза, да 2020 года ў Расіі павінна прайсці поўная замена старога ліфтавага абсталявання.

Сяргей Чарнышоў, кіраўнік асацыяцыі "Расійскае ліфтавае аб'яднанне":

"Улічваючы нашы вытворчыя магчымасці, сёння мы гаворым аб дэфіцыце ліфтаў, вырабленых у Расіі. А з улікам патрабаванняў імпартазамяшчэння, нам бы вельмі не хацелася гэтыя ліфты закупліваць за мяжой. Таму стварэнне такой вытворчасці мы вітаем менавіта ў Цэнтральнай федэральнай акрузе. Гэта дазволіць стварыць здаровую канкурэнцыю расійскім вытворцам, што ў цэлым прывядзе да павелічэння якасці, колькасці і тэхнічных характарыстык нашых ліфтаў".

Сяргей Чарткоў, намеснік гендырэктара ААТ "Магілёўліфтмаш":

"У нас з РФ рэалізуюцца два вельмі паспяховыя праекты. Гэта "Ніжагародліфтмаш" і "Неўскі ліфт". А вось у Маскву і Маскоўскую вобласць мы традыцыйна вельмі мала пастаўлялі ліфтаў. Таму гэты праект мы лічым вельмі паспяховым, мы выбралі вельмі добрага партнёра. Ліфт будзе сучасны, ліфт будзе эканамічны і вельмі камфортны".

Беларуска-расійскае прадпрыемства запрацуе ў Маскве ўжо сёлета. Плануецца вырабляць да 10 тысяч ліфтаў за год.