У Маскве адкрылася выстава "ХарчЭкспа-2017"

6 февраля 2017

У Маскве адкрылася самая буйная ў Расіі выстава прадуктаў харчавання "ХарчЭкспа-2017". Тут можна прадэгуставаць практычна ўсё. Беларуская бужаніна, швейцарскія сыры, венесуэльскі шакалад. Усяго прадстаўлены каля 60-ці краін і некалькі тысяч удзельнікаў. Сярод іх і сотні беларускіх вытворцаў. Якасць айчыннай прадукцыі разам з расіянамі ацаніла Дар'я Белавусава-Пятроўская.

"ХарчЭкспа-2017" - самая буйная ў Расіі выстава прадуктаў харчавання. Больш чым 2 тысячы ўдзельнікаў з 57-мі краін свету. І, як заўсёды (а выстава праходзіць ужо 24 раз) найбольш маштабна сярод краін СНД прадстаўленыя прадпрыемствы і фірмы з Беларусі.

Малако, смятана, згушчонка, сыры і, вядома, мясныя вырабы. Каб прадэгуставаць беларускія каўбасы, сала, бужаніну, да павільёнаў айчынных прадпрыемстваў стаяць чэргі.

Ірына Шырокава, пакупніца: "Сюды, на выставу, многія прыходзяць не толькі для таго, каб заключаць кантракты, а каб акунуцца ў тое смачнае, да чаго мы прывыклі з дзяцінства. Прыемна, што гэта беларускія хлопцы, што прадукцыя вельмі добрай якасці”.

Так супала, што менавіта сёння, у дзень адкрыцця "ХарчЭкспа", некалькім беларускім прадпрыемствам з Мінскай вобласці Рассельгаснагляд часова абмежаваў пастаўкі на тэрыторыю Расіі. Падазраюць у рээкспарце ялавічыны.

Юлія Мелана, прэс-сакратар Рассельгаснагляду: "Мы неаднаразова папярэджвалі галоўнага ветэрынарнага інспектара Мінскай вобласці і выказвалі яму недавер у сумленнасці. У нас ёсць факты таго, што некаторыя прадпрыемствы Мінскай вобласці пастаўляюць у Расію нелегальную ялавічыну, у прыватнасці, з Украіны. Згодна з нашымі падлікамі, мінімальная сума гэтых аб'ёмаў ацэньваецца ў 10 тысяч долараў. Гэта даволі сур'ёзныя аб'ёмы".

Беларускія вытворцы мясной прадукцыі такой пільнай увазе з боку Рассельгаснагляду не здзіўленыя. Нашы тавары дзякуючы высокай якасці і прымальнай цане заўсёды папулярныя ў простых расіян. Уся справа ў канкурэнцыі, часам нядобрасумленнай.

Мікалай Карпечкін, начальнік аддзела маркетынгу Магілёўскага мясакамбіната: "Гэта маё асабістае меркаванне, што гэта абарона расійскага рынку ад нашага прадукту. Таму што ўсе людзі, якія аднойчы набылі беларускі тавар, імкнуцца яго і ў далейшым купляць. Таму ставяць нам бар'еры, шчыты, каб наш прадукт менш паступаў на іх рынак".

Праблему несумленнай канкурэнцыі напярэдадні ўзнімаў Прэзідэнт Беларусі падчас Вялікай размовы з журналістамі, членамі ўрада і экспертамі. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, перашкоды беларускай прадукцыі ствараюцца штучна, з карыслівых меркаванняў.

Уладзімір Кашын, дэпутат Дзярждумы Расіі, доктар сельскагаспадарчых навук: "Усё, што датычыцца Беларусі, - мы браты, сябры, і ніякія праблемы не могуць нас сур'ёзна пасварыць. Вашу прадукцыю ў любым маскоўскім двары з задавальненнем бяруць. Яна якасная, вырабляецца па ДАСТах, там ёсць тэхналагічная дысцыпліна. Вы захавалі ўсё, што было ў СССР, і палепшылі гэтую частку. Трэба ліквідаваць усе непаразуменні, дэпутаты будуць усё рабіць, каб збліжаць усе нашы магчымыя кантакты".

"ХарчЭкспа" - гэта не толькі рэклама сваёй прадукцыі, але і бізнес-пляцоўка, дзе знаёмяцца, абменьваюцца вопытам і заключаюць здзелкі. І мяркуючы па чэргах ля павільёнаў з брэндам "Зроблена ў Беларусі", нашы прадукты заўсёды чакаюць на расійскім рынку.