У Магілёве ўсё гатова да V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

8 октября 2018

Гэты тыдзень у Беларусі пройдзе пад знакам саюзнай якасці і важкіх экспартных кантрактаў. У Магілёве ўжо ўсё гатова да V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. На юбілейнай сустрэчы чакаюць дзве тысячы гасцей, у тым ліку 20 губернатараў Расіі - яны пацвердзілі ўжо свой прыезд. Плануецца падпісанне больш як 70 дакументаў аб супрацоўніцтве на міжурадавым, абласным і раённым узроўнях. Што датычыцца пэўных эканамічных дамоўленасцяў, арганізатары анансуюць рэкордныя паўмільярда долараў.

Падчас форуму будуць працаваць секцыі, дзе спецыялісты дзвюх краін змогуць абмеркаваць актуальныя праблемы і перспектывы ў аграрнай палітыцы, міжнароднай дзейнасці, супрацоўніцтве рэгіёнаў у лічбавай эканоміцы. Усе ўдзельнікі форуму змогуць прэзентаваць свой гандлёва-эканамічны, культурны, навуковы і турыстычны патэнцыял на рэгіянальных пляцоўках. Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў Магілёве з 10 па 12 кастрычніка.