У Магілёве сёння трэці дзень працы Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі

12 октября 2018

Увага сёння зноў прыкаваная да Магілёва. Там працягваецца V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Сёння заключны, трэці дзень працы пляцоўкі. І галоўнае мерапрыемства інтэграцыйнага тыдня - пленарнае пасяджэнне. У ім прымуць удзел лідары дзвюх краін. Некалькі хвілін таму ў міжнародным аэрапорце Магілёва прызямліўся борт кіраўніка расійскай дзяржавы. Уладзіміра Пуціна прывітаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Пасля цырымоніі сустрэчы кіраўнікі дзяржаў накіраваліся да месца правядзення пленарнага пасяджэння Форуму рэгіёнаў. Перад ім прэзідэнты правядуць асабістую размову, падчас якой абмяркуюць найболей актуальныя пытанні беларуска-расійскіх адносін. Праграма знаходжання Уладзіміра Пуціна ў Беларусі таксама ўключае магчымасці для нефармальных размоў кіраўнікоў дзяржаў.

А раніцай упершыню на форуме сабраўся савет дзелавога супрацоўніцтва. Партфель кантрактаў папоўніўся новымі пагадненнямі.

Аб усім па парадку раскажа мая калега.

Так, як паказвае сённяшняя раніца, дзень сапраўды будзе не меней насычаным і плённым за ўчорашні.

Неўзабаве тут, у Палацы культуры вобласці, адбудзецца пленарнае пасяджэнне. Гэта галоўнае мерапрыемства інтэграцыйнага тыдня. У ім прымуць удзел прэзідэнты Беларусі і Расіі. У гэтыя хвіліны Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін перспектывы нашых адносін абмяркоўваюць на двухбаковай сустрэчы. Падрабязнасці перамоў абавязкова раскажам у нашых наступных выпусках.

Члены афіцыйных дэлегацый ужо занялі свае месцы ў зале. Яна, дарэчы, не змагла змясціць усіх ахвотнікаў: Форум рэгіёнаў выклікаў вялікі ажыятаж сярод расійскіх партнёраў, іх прыехала больш, чым планавалася. Свае месцы ў прэс-цэнтры занялі і журналісты. Адгэтуль прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі будуць сачыць за ходам пленарнага пасяджэння.

Сённяшняя раніца ўжо вызначылася новымі пагадненнямі. Паглыбіць супрацоўніцтва дамовіліся Брэсцкая вобласць і Рэспубліка Бурація, Гомель знайшоў партнёраў у Кіраве, Самары і таксама ў Бураціі. Сустрэчу з кіраўнікамі рэгіёнаў правялі кіраўнікі верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі. Папярэднія дамоўленасці падтрымалі рэальнымі дзелавымі кантрактамі. Так, Магілёўхімвалакно падпісаў пагадненні на 100 млн долараў. На такую ж суму склалі дамовы прадстаўнікі Гомельскай вобласці. Вынік сённяшняй раніцы - 10 кантрактаў і плюс больш за 300 мільёнаў.

Ігар Васільеў, губернатар Кіраўскай вобласці Расіі: "Па-першае, асабіста пазнаёміцца, па-другое, вось я ўчора ўдзельнічаў у сесіі па лічбавай эканоміцы, і вы ведаеце, мы дамовіліся з вашым Міністэрствам аховы здароўя аб тым, што мы тыя мадэлі, якія існуюць у нас, тыя мадэлі лічбавізацыі, якія адбываюцца ў вас, укараненне тэлемедыцыны - для нас гэта вельмі цікава. Узаемныя кансультацыі дактароў бальнічных устаноў. Без асабістага ўдзелу, пэўна, гэта было б амаль немагчыма. Таму такія форумы, безумоўна, для нас вельмі важныя".

Чакаецца, што агульная сума беларуска-расійскіх кантрактаў па выніках усіх дзён форуму перавысіць паўмільярда долараў. Пагадзіцеся, самавіты дадатак да нашага тавараабароту. Апроч гэтага, з парадку дня знялі і пытанне, якое так доўга і дбайна абмяркоўвалі аграрныя ведамствы дзвюх краін. На палях форуму Беларусь і Расія канчаткова пацвердзілі і замацавалі подпісамі гандлёвыя балансы на наступны год. Дыялог рэгіёнаў паказвае сваю эфектыўнасць.