Падпісана дарожная карта супрацоўніцтва паміж усходнім рэгіёнам Беларусі і кітайскімі карпарацыямі.
Вырошчванне і перапрацоўка лёну, а таксама стварэнне зборачнай вытворчасці святлодыёдных стужак і фар для аўтамабіляў. Сёння ў Магілёве падпісана дарожная карта - план супрацоўніцтва паміж усходнім рэгіёнам Беларусі і кітайскімі карпарацыямі. Яна разлічаная да 2020 года. Прыярытэтнымі застаюцца сфера гандлю і развіццё турызму паміж рэгіёнамі. Новым стане супрацоўніцтва ў сферы жывёлагадоўлі. Гаворка ідзе не толькі пра пастаўкі ялавічыны, але і пра сумесную гадоўлю буйной рагатай жывёлы. Дарэчы, тавараабарот Магілёўскай вобласці з Кітаем сёлета ўжо склаў амаль 45 мільёнаў долараў.
Руслан Страхар, старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама: "Наша ялавічына ўжо карыстаецца попытам і на рынку Кітая, і на рынку іншых краін. І для таго, каб павялічыць пастаўкі, неабходна павялічыць аб'ёмы вытворчасці мяса ялавічыны, а для гэтага ўжо патрэбныя сумесныя праекты ў гэтым кірунку".
Ма Мінлун, кіраўнік дэпартамента камерцыі правінцыі Цзянсу (Кітай): "Узаемаадносіны паміж Кітаем і Беларуссю мы лічым выключнымі. Гэта не толькі вынік сяброўства кіраўнікоў нашых краін, але і адкрытасць рэгіёнаў да супрацоўніцтва ў любых сферах. Будучыня такіх адносін - за сумеснымі праектамі ў галіне высокіх тэхналогій і інавацый".
Сёння ж у Магілёве прайшоў бізнес-форум "Адзін пояс і адзін шлях". З шырокай прэзентацыяй і дэгустацыяй прадукцыі прадпрыемстваў вобласці. Дэлегацыя з Паднябеснай пабывала і на саміх заводах-пеапрацоўшчыках, якія актыўна супрацоўнічаюць з Кітаем.













