У Мінбудархітэктуры пракаменціравалі ўваходжанне ў сілу ўказа аб увядзенні адрасных жыллёвых субсідый

11 июля 2017

У Мінбудархітэктуры сёння пракаменціравалі ўваходжанне ў сілу ўказа № 240 аб увядзенні адрасных жыллёвых субсідый. У адказ на дыскусію ў СМІ чыноўнікі растлумачылі асобныя нюансы.

Нагадаем, дакумент, які пачне дзейнічаць у Беларусі з 6 жніўня, карэкціруе дзеючы парадак дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жылля. Змены закрануць маладыя і шматдзетныя сем’і, якія будуюць жыллё з дапамогай камерцыйных крэдытаў. Раней яны маглі разлічваць на атрыманне адначасовай датацыі - ад 20 да 50 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Такія гарантыі падаваў указ № 585. Зараз яго заменіць адраснае субсідзіраванне жылля. Гэта значыць, што такія сем'і змогуць атрымаць дзяржпадтрымку толькі ў адпаведнасці з чаргой тых, хто мае патрэбу.

Аляксандр Горваль, начальнік упраўлення Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі: "Субсідыі будуць выплачвацца менавіта ў парадку пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Раней, паводле 585 указа, гэта не прадугледжвалася, і таму новая форма дзяржпадтрымкі арганізуе і сістэматызуе выплаты дзяржавы тым, хто мае патрэбу ў дзяржпадтрымцы. 585 указ спыняе сваё дзеянне з 6 жніўня бягучага года, і тыя, хто прайшоў праз рашэнне выканкама, і было прынята рашэнне выканкама аб падаванні субсідыі, будуць атрымліваць гэтую субсідыю. Калі такога рашэння выканкама не будзе, то па гэтых крэдытах субсідыі ў выглядзе дзярждапамогі выплачвацца не будуць".

Да норм дзеяння новага ўказа аб жыллёвых субсідыях чыноўнікі яшчэ вернуцца. Складзены графік сустрэч у рэгіёнах і сталіцы для растлумачэння асобных пунктаў указа. Першая сустрэча пройдзе ў Брэсцкай вобласці 13 ліпеня, а 14 ліпеня - у Гродне. Астатнія рэгіёны правядуць прыём грамадзян на наступным тыдні.