У Мінскай вобласці завяршылася сяўба ярыны і зернебабовых культур

15 апреля 2014
Сёлета ў рэгіёне пад гэтыя культуры адвялі больш за дзвесце тысяч гектараў, што амаль на 10% больш, чым летась. Аднак на гэтым пасяўная кампанія не завяршаецца. На чарзе бульба і кукуруза. Прагнозы на ўраджай - у Аляксандра Хараўца.

Ніна Жалязнова, дырэктар гаспадаркі Азярыцкі-Агра, з відавочным задавальненнем аглядае роўныя ўсходы яравога аўса. Сёлета да сяўбы збожжавых прыступілі яшчэ ў канцы сакавіка. Крыху больш за два тыдні спатрэбілася аграрыям, каб засеяць больш за тысячу гектараў.
Разлічваюць у гаспадарцы і на выдатны ўраджай другога хлеба. Садзіць бульбу ў гэтай гаспадарцы пачалі ўчора. З 250 гектараў, што адвялі для другога хлеба, аграрыі пасадзілі дзясятую частку. А літаральна праз тыдзень у поле зноў выйдзе тэхніка для абганяння бульбы першых тэрмінаў сяўбы.
Сяргей Ракіцкі працуе на гэтых палях ужо дваццаць другую вясну запар. Тэхналогію апрацоўкі зямлі і сяўбы бульбы ведае не горш за галоўнага агранома. А калі на службе ў механізатара яшчэ і сучасная тэхніка з сістэмай GPS для дакладнасці сяўбы, пра ўраджай можна не клапаціцца. Сеялка сама садзіць, палівае і нават абараняе насенне ад шкоднікаў. У выніку ўраджайнасць бульбы ў паўтара разы вышэй - больш як паўтысячы цэнтнераў з гектара.
У кухара Ірыны асаблівая місія - накарміць хлебаробаў. У меню - традыцыйныя стравы з бульбы. А таму механізатары разумеюць: ад іх працы залежыць не толькі ўраджай, але і смачны абед.
Пад бульбу ў Мінскай вобласці сёлета адвялі амаль тысячу трыста гектараў. Пятую частку ўжо засадзілі. Акрамя гэтага, гаспадаркі рэгіёну прыступілі і да сяўбы кукурузы.
Завяршыць сяўбу бульбы і кукурузы аграрыі вобласці плануюць у першых днях мая. Паводле прагнозаў спецыялістаў, ураджай абяцае быць лепшы за леташні.