У Мінскай вобласці нарыхтавана больш за 450 тон чарніц

26 июля 2018

Ягадны сезон - у лясах Мінскай вобласці. Небывалая колькасць сёлета чарніц. Ужо нарыхтавана больш за 450 тон карыснай ягады. Да параўнання, летась сабралі ў 10 разоў менш - усяго 44 тоны. Пра чарнічны ўраджай - матэрыял Наталлі Кезік.

Уласны рэкорд ураджаю - 100 кілаграмаў чарніц. І гэта лічба не мяжа - лагойскія лясы сёлета багатыя на чарніцы. У лес Ядвіга Сцяпанаўна ходзіць кожны дзень як на працу. За сезон на зборы ягад жанчыне атрымліваецца добра зарабіць.

Сёлетні лясны ўраджай радуе. У магазін у вёсцы Швабы, што ў Лагойскім раёне, жыхары на працягу дня нясуць поўныя кошыкі з чарніцамі і лісічкамі. Кілаграм ягад у сярэднім сёння каштуе ад трох з паловай да чатырох рублёў, лісічак - каля пяці.

Для зручнасці збіральшчыкаў ягад на лясных сцяжынках працуюць і выязныя пункты прыёму. Заробак за сабраны ўраджай будзе крыху меншы, затое няма неабходнасці несці цяжкія кошыкі і вёдры з ягадамі дадому.

Здаць сабраны лясны ўраджай можна і ў магазіне - для сельскіх жыхароў гэта найбольш зручны пункт прыёму. Абмяняць ягады і грыбы на грошы тут можна кожны дзень без выхадных з раніцы і да вечара. Сёлета толькі ў Лагойскім раёне арганізавалі больш за 30 пунктаў прыёму.

Ад нарыхтоўшчыкаў чарніцы адпраўляюць на шокавую замарозку альбо на прамысловыя прадпрыемствы на перапрацоўку. Сёлета вобласці плануюць назапасіць небывалы ўраджай карыснай ягады. Для параўнання - летась за сезон назбіралі сорак чатыры тоны. Сёлета ў дзесяць разоў больш. Ужо нарыхтавана больш за 450 тон чарніц.

Сезон нарыхтовак у Мінскай вобласці зараз ў самым разгары. Пасля чарніц масава пачнуць нарыхтоўваць грыбы, а затым прыйдзе сезон брусніц і журавін. Сёлета таксама чакаецца і багаты ўраджай яблыкаў.