У Мінскай вобласці вырошчваюць спецыяльныя сарты бульбы

19 сентября 2019

Дарэчы, сёлета фермеры прапануюць не толькі вялікі ўраджай бульбы, але і яго шырокі выбар. У Мінскай вобласці вырошчваюць спецыяльныя сарты для таго, каб варыць ці пячы, рабіць пюрэ або чыпсы. Сельгасарганізацыі цэнтральнага рэгіёна ўжо накапалі больш як 130 тысяч тон бульбы пры сярэдняй ураджайнасці 330 цэнтнераў з гектара. Зрэшты, ёсць адно поле, дзе гэтая лічба ў разы большая.

З бульбяной каралевай сустрэўся Аляксей Кандраценка. 200 гектараў зямлі ў Лагойскім раёне. Бульбаўборачны камбайн ўбірае паэтапна кожны ўчастак. Лічыльнік ў кабіне вадзіцеля выдае: 7 сотак накапана, гэта крыху больш за 6 тон карняплодаў, а значыць, час выгружаць бункер. Мы аналізуем арыфметыку і разумеем: вось яно - поле - абсалютны рэкардсмен.

Для таго, каб такія рэкордныя лічбы перакласці у больш зразумелыя адзінкі, скажам так: з аднаго квадратнага метра на гэтым полі атрымліваюць у сярэднім 80 кілаграмаў бульбы.  Знаёмімся з "каралевай ганнай"! Менавіта дзякуючы гэтаму сорту, а таксама тэхналогіі сепарацыі, і ўдалося дабіцца высокіх вынікаў. Для ноу-хау патрэбна спецыяльная тэхніка, плюс асаблівыя веды. Аграрыі рызыкнулі, але не пралічыліся - высокая ўраджайнасць, а гэта вялікі прыбытак.

Сёння "каралева ганна" разам са сваёй напарніцай - сортам гала - паступаюць на сартаванне, а далей у бульбасховішча. У дзень тут закладваюць 600 тон. Частка ўраджаю патрэбна для насення, яго захаваюць асобна.

За бульбай з Лагойскага раёна - чарга пакупнікоў з Украіны і Малдовы. Засуха ў паўднёвых рэгіёнах прывяла да недабору ўраджаю. Беларускі другі хлеб можна захаваць у сховішчы да канца зімы без страт якасці. Для гэтага створаны аптымальныя, па бульбяных мерках каралеўскія ўмовы: пастаянная вентыляцыя і тэмпература плюс 4 градусы.