У Мінскай вобласці ёсць першы экіпаж, які намалаціў 3 тысячы тон збожжа

17 августа 2017

Лідарамі некалькі гадзін таму сталі браты Аляксандр і Уладзімір Анціпцавы. Яны працуюць у гаспадарцы «Саўгас Рачковічы», што ў Слуцкім раёне. Аляксандр Харавец з падрабязнасцямі.

Дваццаць тры дні, чатыры гадзіны і прыкладна дваццаць хвілін. Менавіта столькі спатрэбілася камбайнерскаму экіпажу Анціпцавых, каб намалаціць 3 тысячы тон збожжа. У гаспадарцы Аляксандр і Уладзімір уборку завяршылі. Зараз тэхніка прыйшла на дапамогу суседняй гаспадарцы «Вясейскі Пакроў».

Трынаццаты сезон запар браты працуюць разам. Мужчыны смяюцца: у дзяцінстве не хапіла часу нагаварыцца, таму зараз недахоп кампенсуюць у адной кабіне. Нягледзячы на тое што Уладзімір старэйшы і галоўны ў экіпажы, у іх тандэме поўнае раўнапраўе. Магчыма, таму і ўдаецца дабівацца такіх рэкордаў.

Падзякаваць ударнікам за уклад у агульны каравай прыехала і кіраўніцтва вобласці. Перапынак усяго 15 хвілін. Якраз перавесці дух і паслухаць галасістых дзяўчат.

Менавіта Слуцкі раён выйшаў у лідары па намалоце сярод рэгіёнаў вобласці. І сёння тут сабралі 150 тысяч тон збожжавых і ўбралі 90 працэнтаў плошчаў. У цэнтральным рэгіёне агульнымі намаганнямі аграрыяў адолелі 77 працэнтаў пасеваў. А вага каравая складае больш за паўтара мільёна тон. Цалкам завяршыць уборачную плануюць да сярэдзіны наступнага тыдня.

Аднак на гэтым працы ў земляробаў менш не стане. Паралельна рыхтуюць глебу да пасеву азімых. Настае і гарачая пара ўборкі садавіны і гародніны. Ну а перавесці дух працаўнікі на зямлі змогуць на пачатку лістапада ў Смалявічах, дзе пройдуць абласныя “Дажынкі”.