У Мінску стартавалі Дні дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Удмурцкай Рэспублікі

2 февраля 2016

Больш за дзясятак прадпрыемстваў і новыя сумесныя бізнес-праекты. У Мінску стартавалі Дні дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Удмурцкай Рэспублікі. Партнёры заявілі аб актывізацыі эканамічнага дыялогу і рашучасці выйсці на новы ўзровень узаемнага гандлю. Мінулы год стаў не самым дзейсным. Бакі адзначылі паніжэнне тавараабароту, але гатовыя дасягаць большага. Свае апошнія распрацоўкі расійскія партнёры прадставяць у Мінску, а таксама ў рэгіёнах на працягу тыдня.

Міхаіл Тумін, намміністра эканомікі Удмурцкай Рэспублікі: "У нас ёсць распрацоўкі па пакетаванні і разліванні малака, ёсць прапановы па беспілотных лятальных апаратах, па паліграфічнай вытворчасці, якая можа быць запатрабавана на беларускім рынку. Беларусь чым цікавая? У першую чаргу таварамі сельгасвытворчасці, машынабудавання, лёгкай, харчовай прамысловасці. Мы гатовы разглядаць любыя праекты, якія можна рэалізаваць як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі Удмурцкай Рэспублікі, у тым ліку і сумесныя вытворчасці, сумеснае развіццё праектаў".

Зрэшты, прыклады паспяховага супрацоўніцтва з расійскім рэгіёнам - прамысловым цэнтрам Урала - у нашай краіны ёсць. Сёння ва Удмуртыі збіраюць беларускую сельгастэхніку. Расійскі бок гаворыць аб запатрабаванасці прадукцыі. Не адмаўляюцца партнёры развіваць і сумесную вытворчасць лекавых прэпаратаў, аб стварэнні якой было заяўлена летась.