Сёння ў беларускай сталіцы дадзены старт найбуйнейшаму тэхнічнаму форуму планеты. Два тыдні ў Мінску будуць працаваць эксперты Міжнароднай электратэхнічнай камісіі. Генасамблея гэтай аўтарытэтнай арганізацыі ператворыць наш горад у сусветную пляцоўку для важнай працы па стандартызацыі. Яна проста неабходна ў нашым штодзённым жыцці - мы можам тэлефанаваць, праглядваць інтэрнэт-старонкі або выкарыстоўваць банкаўскія карткі падчас падарожжаў. Дзякуючы стандартам электроніка і іншая тэхніка набывае такія важныя якасці, як сумяшчальнасць і бяспека і становіцца зразумелай для кожнага жыхара планеты. Пра што будуць гаварыць у Мінску дэлегаты з 80 краін, ведае Вольга Анішчанка.
Толькі ў гэтай мінскай лабараторыі праз рукі спецыялістаў праходзіць некалькі тысяч узораў абсталявання. Гэта карпатлівая і непрыкметная для пакупніка праца перад тым, як доследны ўзор трапіць на канвеер. Будзе правярацца ён і перад паступленнем у гандаль.
Тут гавораць, што рызыкі могуць быць настолькі вялікія, што выпрабоўваюць літаральна ўсё, што выкарыстоўваюць у побыце і на вытворчасці.
Алег Мураўёў, інжынер лабараторыі выпрабавальнага цэнтра "БелДІСС": "Зараз мы праводзім вымярэнні медыцынскага вырабу, а гэта можа быць і абсталяванне, якое ўстанаўліваецца на атамнай станцыі. Таму агульнасусветная практыка - праводзіць выпрабаванні ўсіх вырабаў, якія могуць уплываць на электрамагнітнае становішча вакол нас".
Прайсці выпрабаванні - значыць даказаць, што прыбор у нашых руках не заіскрыць, не абпаліць і не ўзнагародзіць разрадам.
А вось новы лабараторны трэнд, які сёння прапануе развіваць МЭК, гэта ацэнка энергаэфектыўнасці. Якасць, якая з'яўляецца на рынку бясспрэчнай канкурэнтнай перавагай любога вытворцы. Дарэчы, першая такая лабараторыя ў Беларусі - на апошняй стадыі гатоўнасці.
Ірына Асмола, дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі "БелДІСС": "Напрыклад, мы з вамі пастаянна маем уключаны тэлевізар. Колькі ён спажывае энергіі? Шмат гэта або мала? Як праверыць або даказаць, што ён сапраўды працуе ў эканомным рэжыме або колькі спажывае любы бытавы прыбор электраэнергіі?".
Сёння мінскія сустрэчы на Генасамблеі пачаліся з пасяджэнняў тэхнічных камітэтаў, па сутнасці, складанай руціннай працы экспертнай супольнасці. У кожнай пляцоўкі свае задачы. Напрыклад, тут гавораць пра аўдыя- і відэатэхніку, мультымедыя, у зале побач свяцільні, лямпы, цокалі - усё, што прыносіць святло ў нашы дамы. І вось такіх камітэтаў, дзе на коне будучыня свету тэхнікі, у Мінску некалькі дзясяткаў.
У перспектыўныя распрацоўкі, якія стануць прадметам абмеркаванняў у Мінску, МЭК запісвае не толькі тэхналогіі эканоміі энергіі, а яшчэ новыя яе крыніцы і спосабы захоўвання. Асобны пункт парадку дня - электрамабілі, здольныя адмовіцца ад традыцыйных спосабаў падсілкоўвання.
Юрый Пашык, сакратар Нацыянальнага камітэта МЭК Рэспублікі Беларусь: "Вы разумееце, што такое батарэя, якая павінна забяспечыць рух аўтамабіля з добрай магутнасцю і хуткасцю на адлегласць 300-400 км. Гэта таксама сістэма захоўвання электрычнай энергіі. У мяне ёсць адчуванне, што найбліжэйшыя 20-30 гадоў ва ўсялякім разе буйныя развітыя краіны адыдуць ад выкарыстання традыцыйных крыніц энергіі вуглевадародных".
Пасяджэнні тэхнічных камітэтаў Міжнароднай электратэхнічнай камісіі прадоўжацца ў Мінску ўвесь гэты тыдзень. Чакаецца звыш 1000 дэлегатаў з больш як 80 краін. А 12 кастрычніка, пасля ўрачыстага адкрыцця Генасамблеі, вышэйшы орган МЭК пяройдзе да канкрэтных кіраўніцкіх рашэнняў і стане вялікай інвестыцыйнай пляцоўкай. Актыўныя яе ўдзельнікі змогуць разлічваць на стварэнне сумесных праектаў з прадстаўнікамі вядомых брэндаў тэхнікі і электронікі сусветнага маштабу.













