У сталіцы прайшла Асамблея дзелавых колаў

1 марта 2017

Мінск сёння стаў буйной пляцоўкай для перамоў бізнес-супольнасці

У сталіцы прайшла Асамблея дзелавых колаў. Гэта ключавая падзея Беларускага тыдня прадпрымальніцтва, на якім чыноўнікі і бізнесмены абмяркоўваюць самыя вострыя праблемы. Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы прэзентавалі нацыянальную платформу бізнесу. Гэта збор прапаноў, як у краіне спрасціць бізнес-працэсы. Адной з галоўных тэм дыскусіі ў дзелавым асяроддзі стала тэма сыходу ад неабгрунтаваных праверак. Аб паразуменні і ўзаемадзеянні бізнесу і ўлады - рэпартаж Веранікі Буты.

Сённяшняя дыскусія - ініцыятыва саюзаў прадпрымальнікаў. На парадку дня - абмеркаванне нацыянальнай платформы. Гэта праект больш чым з 80 прапаноў бізнесу па паляпшэнні дзелавога клімату ў краіне. Сярод іх, да прыкладу, мараторый на новыя падаткі, амністыя капіталу. Да нядаўняга часу адной з галоўных праблем заставалася адміністрацыйная нагрузка на бізнес. Зараз нагрузку паступова зніжаюць.

Сяргей Навіцкі, намеснік старшыні Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі: "МНС адмяніла свае праверкі, МАРГ зрабіла пэўныя дзеянні, Гэта прамежкавыя вынікі. Канчатковыя вынікі з'явяцца ў выглядзе нарматыўна-прававога акта ў канцы першага квартала".

Міністэрства аховы здароўя таксама ідзе насустрач, ужо скарочаныя патрабаванні да прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Адна з галоўных задач - даць прыватнай ініцыятыве больш свабоды. Яшчэ адно пытанне - адэкватнасць пакарання і памер штрафаў. Калі бізнес ставяць на калены, ад гэтага не выйграе ніхто.

У зале гучала шмат і сістэмных прапаноў. Інтарэсам прадпрымальнікаў патрэбна спецыяльная абарона самага высокага ўзроўню. Або, да прыкладу, увядзенне прыватнай уласнасці на зямлю.

Развіццё канкурэнцыі і спыненне манаполій і коштавых змоў. Гэта яшчэ адзін блок пытанняў, які сёння хвалюе дзелавое асяроддзе.

Бізнесменаў пачулі. МАРГ ужо занялася стварэннем роўных магчымасцяў не толькі ў сферы паслуг сувязі, але і па ўсіх ключавых кірунках: у энергетыцы, ЖКГ, сельскай гаспадарцы і гандлі.

Давернае кіраванне. Мэта такога падыходу ў кіраванні - вывесці на стабільную працу нерэнтабельныя стратныя прадпрыемствы. Па конкурсе тэрмінам да 5 гадоў яны перадаюцца ў давернае кіраванне. Кантроль па-ранейшаму застаецца за дзяржавай. Пачынаючы з 2009-га, дадзеная прапанова ў платформе высоўвалася штогод, на працягу васьмі гадоў. У 2017-м бізнес-супольнасць ізноў паднімае гэтае пытанне. І робіць акцэнт на тым, што тут патрэбныя добрыя кіраванцы. Павысіць іх узровень прапаноўваюць спецыяльнай камп'ютарнай праграмай - распрацоўка беларуская.

Спецыяльны план па бізнес-развіцці супольнасць гатова прадставіць ва ўрад. Дарэчы, шматлікія прапановы нацыянальнай платформы ўжо закладзеныя ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2020 года, гавораць эксперты. Праца не спыняецца. У парламенце зараз абмяркоўваюць закон аб інвестыцыях. Дэпутаты - актыўныя ўдзельнікі асамблеі.

За 6 гадоў па ініцыятыве бізнес-супольнасці ў Беларусі было прынята каля 2 сотняў нарматыўных актаў, якія вырашылі актуальныя пытанні прадпрымальнікаў. Ніводны з бакоў не адмаўляе: стымуляваць бізнес трэба - гэта новыя працоўныя месцы, грошы, прыцягненне валюты, гэта значыць, эканамічны рост у маштабах краіны. Для стымулявання стварэння новых вытворчасцяў Мінэканомікі ўжо прапанавала вызваліць прадпрыемствы ад выплаты ПДВ пры ўвозе тэхналагічнага абсталявання. Ішла размова і аб стварэнні гарантыйнага фонду. Найважнейшыя рашэнні ў рамках сённяшняй асамблеі ўнясуць на разгляд ва ўрад.