У Мінску праходзіць Беларуска-польскі бізнес-форум

7 Чэрвеня 2019
У Беларусі з рабочым візітам знаходзіцца парламенцкая дэлегацыя Польшчы. Госці прымаюць удзел у двухбаковым форуме "Добрасуседства-2019". Першыя мерапрыемствы прайшлі ўчора ў Гродне, а сёння пра нарошчванне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва гавораць у Мінску. З Нацыянальнай бібліятэкі - наш карэспандэнт Антон Малюта.

Сумесныя праекты сёння абмяркоўваюць больш як  пяцьсот бізнесменаў з дзвюх краін. Прычым большасць прадстаўляюць малы і сярэдні бізнес. Такія невялікія прадпрыемствы выгадныя з пункта погляду паставак нашай прадукцыі. Прычым не толькі ў Польшчу, але і на ўвесь рынак ЕС.

У мінулым годзе тавараабарот з Польшчай перавысіў два з паловай мільярды долараў. Гэта лепшы паказчык за 8 гадоў. І ўпершыню мы прадавалі больш, чым куплялі. Захаваць дадатнае сальда для нас сёння - выканальная задача. 

Галоўная мэта форуму - запуск новых сумесных праектаў. Для выгоды ўдзельнікі працуюць у трох секцыях, упершыню сярод іх "Інфармацыйныя тэхналогіі". Дарэчы, кааперацыя ў сферы ІТ - ініцыятыва польскага боку. 

Афіцыйная частка форуму ў гэтыя хвіліны завяршаецца, далей - час нефармальных перамоў. Пра пэўныя кантракты даведаемся пазней, неўзабаве арганізатары абяцалі падзяліцца інфармацыяй, наколькі дзейсным было "Добрасуседства" сёлета.