У Мінску прэзентавалі новыя мадэлі аўтобусаў

5 августа 2014

Сёння ў Мінску прэзентавалі новыя мадэлі пасажырскіх і грузавых аўтобусаў пятага пакалення. Яны адрозніваюцца ад папярэднікаў рухавікамі, якія значна менш выкідаюць шкодных рэчываў у атмасферу.


Аб новых беларускіх тэхналогіях - у рэпартажы Аляксея Радыёнава.


Журналісты назвалі яго ласкава прыгажуном, а прафесіяналы ў галіне машынабудавання сур'ёзна заявілі - гэтая мадэль пачынае новую эпоху пасажырскага транспарту.


Так сказаць, фішкай новага аўтобуса стаў яго інавацыйны рухавік, а менавіта матор класа Еўра 5. Зараз ён працуе не на бензіне і не на дызелі, а на газу. Паводле слоў спецыялістаў, гэта не толькі выгадна эканамічна, але і экалагічна. Выкід шкодных рэчываў у атмасферу паменшыўся на цэлых 30 працэнтаў.


Акрамя самой начынкі аўтамабіля змяніўся ён і знадворку. У экабусе з'явіўся магутны кандыцыянер, здольны астуджаць паветра ў салоне пры тэмпературы за акном 50 градусаў цяпла, індывідуальныя рамяні бяспекі і больш змяшчальны багажнік.


Юрый Сыракваша, галоўны канструктар па пасажырскай тэхніцы МАЗ: Мы пастараліся зрабіць аўтобус, які быў бы больш прывабным для спажыўца ў нейкіх спажывецкіх якасцях. Магчымасць устаноўкі кандыцыянера вялікай магутнасці, камфортныя сядзенні, плыўнасць ходу.


Праўда, перш, чым усе перавагі новай мадэлі ацэняць вадзіцель і пасажыры, аўтобусы пратэсціруюць на асаблівых выпрабавальных палігонах. Тэст-драйв звычайна займае два-тры месяцы.


Павел Шабанаў, галоўны канструктар па аўтамабільнай тэхніцы МАЗ: Мы будзем праводзіць выпрабаванне спачатку тут - на беларускім палігоне, потым у Дмітраве - на падмаскоўным палігоне. Толькі пасля гэтага атрымаем сертыфікаты.


А, значыць, аўтобусы выйдуць на рынак, у тым ліку, і на знешні. Сёння МАЗ працуе ўжо ў больш за паўсотні краін - ад Еўропы да Паўднёвай Афрыкі. Аднак асноўны пакупнік па-ранейшаму суседняя Расія.


Сяргей Захарэвіч - намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях МАЗ: Па выніках першага паўгоддзя мы паставілі на расійскі рынак 5.890 адзінак. Мы плануем па годзе дзесьці выйсці на 13.000 адзінак.


Новую мадэль, якую ў Мінску прэзентавалі сёння, пакуль не сустрэнеш ні на постсавецкай прасторы, ні на дарогах Еўропы. Па дарогах жа беларускіх гэта машына паедзе ўжо сёлета.