У Мінску адкрываецца міжнародная выстава "Белагра"

6 июня 2017

У Беларусі сёння пачынаецца аграпрамысловы тыдзень і адкрываецца міжнародная выстава "Белагра". Экспазіцыя прадэманструе лепшыя ўзоры беларускай сельгастэхнікі і прадуктаў харчавання, а таксама навінкі ад гандлёвых партнёраў, якіх больш за дваццаць. Кожны дзень насычаны перамовамі і абмеркаваннем сумесных праектаў.

Аб асаблівасцях вялікага форуму Святлана Лук’янюк. Сёлета "Белагра" змяніла галоўную выставачную пляцоўку з аэрапорта Мінск-1, які ў самім горадзе, на аграгарадок Шчомысліца. Гэта тэрыторыя лагістычнага цэнтра "Глобус-Парк", што за 3 кіламетры ад Мінскай кальцавой у брэсцкім напрамку. Уся экспазіцыя - гэта два крытыя павільёны (8 тысяч квадратаў) і адкрытая пляцоўка (42 тысячы квадратаў). Зараз апошнія падрыхтоўкі, больш тэхнічныя. Адкрыццё запланавана на 14:00. Сёлета "Белагра" - гэта 500 кампаній з 25-ці краін. Шырока экспануецца ўся лінейка беларускай сельгастэхнікі і прадуктаў харчавання, а таксама нашы рыбныя гаспадаркі.

Вялікія павільёны забраніраваныя Грузіяй і Малдовай. Трэба сказаць, што ва ўрачыстым адкрыцці выставы прымуць удзел прэм'ер-міністры Беларусі і Малдовы. Усяго чакаем 21 замежную дэлегацыю. І паралельна з работай тут на пляцоўцы "Белагра" яны сустрэнуцца з кіраўніцтвам нашых прадпрыемстваў і чыноўнікамі Мінсельгасхарча. Напярэдадні на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра заяўляў: Беларусь гатовая пашыраць сваю прысутнасць на новых рынках. Чакаем падпісання новых кантрактаў і інвестпраектаў. А таксама гатовыя дзяліцца вопытам аграпрамысловай вытворчасці. І такая магчымасць таксама будзе.

Асаблівасцю сёлетняй выставы "Белагра" стане і правядзенне першага Беларуска-афрыканскага форуму. Удзельнічаюць у ім больш за 90 прадстаўнікоў гэтага кантынента. Сярод іх Ангола, Намібія, Уганда, кіраўніцтва Афрыканскага экспартна-імпартнага банка. Дарэчы, яны плануюць падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве з нашым Банкам развіцця, а таксама наведаць нашы перапрацоўчыя прадпрыемствы, дзе праведзена поўная мадэрнізацыя, і сельгаспрадпрыемствы. Цікавіць іх захоўванне збожжа з дапамогай замарозкі.

Таксама асобным блокам стаяць перамовы з кітайскімі партнёрамі. Тым больш гэты рынак сёння для нас перспектыўны. Мы добра прадаем туды малако. Дамовіліся наконт паставак ялавічыны і гатовыя да сертыфікацыі прадпрыемстваў па мясе птушкі. Так што лінейка нашых тавараў на далёкія рынкі пашыраецца, пры гэтым захоўваючы прысутнасць на традыцыйным расійскім. Пра гэта будуць гаварыць на аграпрамысловым тыдні і тут, на выставе "Белагра", якая працуе з 6 па 10 чэрвеня.