У Мінску адкрыўся Беларускі прамысловы форум

3 мая 2016

Лейтматывам Усебеларускага народнага сходу стануць пытанні развіцця эканомікі. Гэта сёння заявіў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка, адкрываючы ў Мінску Беларускі прамысловы форум. Сярод гасцей - кампаніі са Славакіі, Украіны, Германіі, Расіі і Румыніі. Прамысловы комплекс краіны ўключае больш як сто галін. На долю ВУП прыпадае каля 30%. Як паказваюць сусветныя тэндэнцыі, стаўку зараз трэба рабіць на інавацыі і іх укараненне ў вытворчасць. Тэму прадоўжыць Вераніка Бута.

Ад робататэхнікі да аб'ёмнага друку. Тое, што яшчэ ўчора здавалася ўтопіяй, сёння можа прыносіць нядрэнны прыбытак. 3D-прынтар прафесійнага класа ад беларускіх распрацоўшчыкаў прэзентавалі ў Мінску на прамысловым форуме. На выставе пакуль толькі яго папярэдняя версія, але і яна гатовая прадэманстраваць плён працы.

А гэта ўзор аўтобуснага прыпынку будучыні. Самай найбліжэйшай. Ужо да канца года, абяцаюць распрацоўшчыкі, вынік іх бяссонных начэй убачаць мінчане. У якім раёне, пакуль захоўваюць інтрыгу.

Падумалі і пра турыстаў, бо ўся інфармацыя на некалькіх мовах.

Гэта яшчэ адна распрацоўка - аграмабіль для сельскай мясцовасці, праект навукоўцаў з БНТУ. Нешта сярэдняе паміж малагабарытнай транспартнай машынай, усюдыходам і міні-трактарам. Распрацоўкай ужо зацікавіліся ў Казахстане, Азербайджане і Туркменістане. А падчас форуму плануюць, дзе будуць створаныя зборачныя вытворчасці. Аграмабіль паступіць у серыйную вытворчасць.

Усяго на выставе больш за 200 экспанентаў. Гэта лепшыя прадстаўнікі ўсіх сектараў беларускай і замежнай прамысловасці. За апошнія 5 гадоў выставы Беларускага форуму наведалі звыш 50 тысяч спецыялістаў, адбылося каля 200 дзелавых мерапрыемстваў. А гэта ў выніку знаходзіць адлюстраванне ў заключаных кантрактах.

На думку эканамістаў, разлічваць на доўгатэрміновыя замежныя інвестыцыі, асабліва ў перыяд крызісу, могуць эканомікі з комплекснай прамысловай базай і інавацыйнымі тэхналогіямі. Гэта знойдзе сваё адлюстраванне ў праграме развіцця галіны.

Уладзімір Сямашка, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі:

"Усе буйныя прадпрыемствы абаранілі перспектыўныя планы развіцця да 2025 года і на выхадзе знаходзіцца праграма па ўсім Мінпраме. Яна прадугледжвае менавіта інавацыйнае і інвестыцыйнае развіццё".

Прамысловы форум не проста экспазіцыя навуковых магчымасцяў, а дэманстрацыя таго, якія тэхналогіі ўкараніць у вытворчасць, каб выпусціць якасны, недарагі і канкурэнтаздольны прадукт. Работа форуму прадоўжыцца да пятніцы. Чакаецца, што падчас дзелавых сустрэч падпішуць не менш за 30 кантрактаў.