У Мінску адкрылася выстава Лясдраўтэх

22 мая 2014

Прыбытак ад экспарту прадпрыемстваў Мінлясгаса сёлета вырас на 50% у параўнанні з гэтым жа перыядам 2013. Толькі за 4 месяцы гэтага года прадпрыемствы Міністэрства лясной гаспадаркі экспартавалі сваю прадукцыю на сорак чатыры мільёны долараў. У цэлым за год плануецца павялічыць экспарт на 20%. Пра гэта было заяўлена на спецыялізаванай выставе Лясдраўтэх, якая адкрылася ў Мінску.


Падрабязнасці ў Веранікі Рымашэўскай. Тэматыка выставы Лясдраўтэх даволі шырокая. Тут літаральна праілюстраваныя ўсе этапы працы лясной гаспадаркі - ад вырошчвання і нарыхтоўкі лесу, захоўвання і апрацоўкі да атрымання канчатковай прадукцыі: хат, альтанак і мэблі.


Удзельнікі выставы - найбуйнейшыя вытворцы ў сферы лясной гаспадаркі з Беларусі, Расіі, Польшчы і краін Балтыі.


Усяго ў выставе ўдзельнічаюць 100 экспанентаў з 16 краін. Міжнародная экспазіцыя будзе праходзіць паводле насычанай праграмы. Абмяркуюць пытанні кіравання лясной гаспадаркай у Беларусі і стварэння нацыянальнай лясной стратэгіі. Лясная галіна - адна са стратэгічных у эканоміцы краіны. І лесанарыхтоўка - гэта асноўны кірунак яе развіцця. Мадэрнізацыя прадпрыемстваў дапаможа павялічыць колькасць нарыхтаванай драўніны.


У наступным годзе ўзровень механізавання лесанарыхтоўчай галіны плануюць давесці да 70%. Зараз гэты паказчык на ўзроўні 40%, а годам раней не дасягаў і 20%, у гэтыя гады лясгасы робяць без перабольшання рывок у мадэрнізацыі. Гэта павялічвае якасць беларускага ляснога экспарту.


Аляксандр Корбут, намеснік міністра лясной гаспадаркі Беларусі: За першы квартал прадпрыемствы Мінлясгаса экспартавалі сорак чатыры мільёны долараў ЗША - гэта 150% да ўзроўню мінулага года. За год чакаем сто пяцьдзясят мільёнаў - гэта рост да 120 да мінулага года.


Удзельнікі міжнароднай выставы Лясдраўтэх плануюць прыцягнуць інвестараў і пашырыць супрацоўніцтва з дзелавымі партнёрамі.


У рамках выставы праходзіць і кірмаш - продаж лясгаспрадукцыі. Зрубы хат, лазняў, дэкаратыўны пасадачны матэрыял і нават мёд - увесь прапанаваны тавар наведвальнікі могуць набыць па цэнах вытворцаў. Завершыцца выстава 23 мая.