У Мінску на форуме абмеркавалі праект указа па аграэкатурызме

9 ноября 2016

Нядобрасумленных уладальнікаў аграсядзіб трэба пераводзіць у разрад індывідуальных прадпрымальнікаў, а значыць яны пазбавяцца падатковых ільгот. Размова пра тых, хто пад выглядам сядзібы развівае гасцініцы і рэстараны. Такое меркаванне сёння выказалі ў Мінску на форуме, што сабраў экспертаў у галіне турызму, падаткаабкладання і бізнесменаў.

Галоўнай тэмай чарговы раз стаў праект указа па аграэкатурызме. Зараз у ім прапісана, што ўладальнікам сядзіб могуць забараніць размяшчаць больш чым 20 турыстаў адначасова, а таксама праводзіць юбілеі, вяселлі і памінкі. Каб аказваць такія паслугі, прыйдзецца адкрыць ІП і плаціць падатак. Затое ў сядзібах па-ранейшаму можна будзе падаваць харчаванне і праводзіць культурныя мерапрыемствы, напрыклад, Купалле або Масленіцу. Падатак для добрасумленных уладальнікаў аграсядзіб не зменіцца.

Міхаіл Расолька, начальнік галоўнага ўпраўлення Міністэрства па падатках і зборах Беларусі: "Указ на сённяшні дзень гаворыць аб тым, што да 2021 года гэтыя віды дзейнасці павінны развівацца. Таму тут стаіць мэта - каб і надалей суб'екты агратурызму развіваліся. Зараз размова не ідзе аб павышэнні стаўкі збору за агратурызм, паколькі дзяржава дае магчымасць развівацца гэтаму бізнесу менавіта на сяле".

Святлана Маханькова, уладальніца аграсядзібы: "Мы за год правялі пяць вяселляў, але гэтыя вяселлі адрозніваюцца ад тых, што праводзяцца ў рэстаранах. Мы імкнемся ўпрыгожыць залу ў стылі сядзібы, з элементамі даўніны. На грошы, якія мы зарабляем ад вяселляў, купілі спартыўны інвентар - у нас ёсць 15 пар канькоў, 5 пар лыж, 5 веласіпедаў".

Праект указа па аграэкатурызме зараз знаходзіцца на разглядзе ў Саўміне. Яго абмеркаванне працягваецца.